«Калі вы кажаце фак ю маёй краіне, то што чакаеце ў адказ?» Беларуская ўдзельніца конкурсу прыгажосці адрэагавала на скандал

Ірына Максімовіч, якая прадстаўляла Беларусь на «Міс Еўропа — 2024» і трапіла на скандальнае відэа з украінкай, патлумачыла ў сацсетках свае паводзіны. «Кожны дзень на ўвесь аўтобус яна глядзела навіны і казала: вось, гэта ўсё з-за вас».

29.02.2024 / 19:01

Фота: інстаграм Ірыны Максімовіч

Скандал адбыўся на конкурсе прыгажосці «Міс Еўропа — 2024», што прайшоў у Ліване. Першае месца там заняла расіянка, другое — дзяўчына з Турцыі. Беларуска стала трэцяй.

Украінская ўдзельніца Мілена Мельнічук у сацсетках распавяла, што арганізатары конкурсу прымушалі яе фатаграфавацца побач з расійскай удзельніцай, а калі яна адмаўлялася, абражалі яе і пагражалі.

А пасля фіналу беларуска Ірына Максімовіч пачала крычаць на ўвесь аўтобус і абражаць украінскую ўдзельніцу. Гэта відэа з віцяблянкай Мілена выклала ў сеціва.

«Хулі ты голымі цыцкамі прыехала трэсці на конкурс?» Беларуская ўдзельніца конкурсу прыгажосці абразіла ўкраінку

Беларуская канкурсантка пасля шуміхі выйшла ў жывы эфір у інстаграме, каб расказаць сваю версію падзей.

Ірына сцвярджае, што ўкраінская ўдзельніца правакавала іх з расіянкай, але яны яе з павагі не здымалі на відэа.

«Не хацела стаяць на сцэне з Расіяй, буліла нас, мы ўсё цярпелі, увесь конкурс. Паслала дырэктара MTV, зладзіла істэрыку, сышла са сцэны — гэта ніхто не здымаў, бо мы дарослыя людзі. (…) Харошы тытул атрымала, але ўсё адно незадаволена, трэба абсіраць».

Пра купленыя месцы ўсё прыдумана, кажа беларуская ўдзельніца.

«Кожны дзень на ўвесь аўтобус яна глядзела навіны і казала: вось, гэта ўсё з-за вас.

(…) І правільна я сказала: а што ж, калі ты ў трауры, удзельнічаеш? Ведаеце, калі б у мяне была такая сітуацыя, я б наогул нікуды не паехала, сядзела б дома, падтрымлівала б сваіх блізкіх.

Так, у вас сумная сітуацыя, мне вельмі шкада, у мяне вельмі шмат сяброў з гэтай цудоўнай краіны. Але ёсць таксічныя людзі, якія хочуць рабіць скандал».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Мілена Мельничук - Miss Europe 2024 (@milena.melnichuk)

Ірына адказала падпісчыкам, што яна не магла прамаўчаць, калі яе пасылаюць і жадаюць смерці.

«Калі вы кажаце фак ю ўсім, фак ю маёй краіне і іншай краіне, то што вы чакаеце ў адказ? Чакаеце, што будзем маўчаць? Не, канечне. (…)

Люблю і Украіну, І Расію, і Беларусь, і ўсе краіны, у якіх ёсць сэрцы. А ў тых, у каго няма… (…) Ніхто не будзе абражаць мяне, маю сям'ю, маё краіну. Атрымала па заслугах».

«Я за сваю краіну заўсёды буду стаяць горда і чотка. Ніхто не будзе пасылаць Беларусь, ніхто!»

— выказалася Ірына ў сторыс.

Nashaniva.com