Міністр абароны Германіі выказаўся наконт уцечкі размоў нямецкіх вайскоўцаў пра ракеты Taurus

Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус назваў публікацыю перахопленай размовы нямецкіх вайскоўцаў «гібрыднай атакай».

03.03.2024 / 19:32

Барыс Пісторыус. Фота: AP Photo/Matthias Schrader

Ён пракаментаваў публікацыю перахопленай тэлефоннай размовы службоўцаў бундэсвера аб магчымай пастаўцы Taurus ва Украіну (пра тое, што было ў той уцечцы, можна прачытаць тут). Яго словы прыводзіць Bild. 

Пуцін, са слоў міністра, вядзе «інфармацыйную вайну» супраць Германіі. Пісторыус заявіў, што даручыў правесці поўнае расследаванне інцыдэнту, высветліць паўнамоцтвы афіцэраў і карэктнасць выбару сродку сувязі — інструмента WebEx.

Ён чакае інфармацыю пра расследаванне Службы ваеннай контрразведкі адносна дакладных перадумоў інцыдэнту ў бліжэйшыя некалькі дзён. Толькі пасля гэтага можна будзе прымаць рашэнне аб наступствах, у тым ліку кадравыя, піша Tagesschau.

Міністр абароны ФРГ заклікаў не весціся «на хітрыкі Пуціна» і разглядаць тое, што адбылося ў больш шырокім кантэксце: не выпадкова Расія апублікавала запіс у канцы тыдня, які быў поўны крытычных падзей для Крамля. У прыватнасці, гаворка ідзе пра развітанне з загінулым апазіцыянерам Аляксеем Навальным у Маскве і новае выкрыццё экс-менеджара Wirecard Яна Марсалека (самаму вышукванаму чалавеку ў Германіі дапамаглі схавацца расійскія спецслужбы).

Чытайце таксама:

Уцечка паказвае, што Германія не толькі не пастаўляе Taurus Украіне, але толкам і не абмяркоўвала гэта

Дэпутаты Бундэстага прагаласавалі супраць паставак Украіне ракет Taurus

Nashaniva.com