Начальнік Чамаданавай стаў старшынёй Мінгарсавета
Новым старшынёй Мінскага гарадскога савета дэпутатаў абралі 45-гадовага Арцёма Цурана, які да гэтага быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. У сувязі з гэтым маюць адбыцца кадравыя перастаноўкі ў сталічнай выканаўчай уладзе.
05.03.2024 / 17:34
Арцём Цуран
У адрозненне ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутаты мясцовых саветаў пасля свайго абрання застаюцца на ранейшых месцах працы. Аднак гэта не тычыцца кіраўнікоў саветаў, іхняя пасада — «вызваленая».
Таму пасля перамяшчэння Арцёма Цурана з адной галіны лукашэнкаўскай сістэмы кіравання ў іншую ягонае ранейшае працоўнае месца павінна вызваліцца, што дае магчымасць кар'ернага прасоўвання камусьці іншаму.
Арцём Цуран працаваў на пасадзе намесніка старшыні Мінгарвыканкама з 15 студзеня 2019 года і курыраваў у гэтым органе пытанні ідэалогіі, культуры, спорту, турызму і СМІ. Непасрэдна яму падпарадкоўвалася і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі на чале з былой прэс-сакратаркай Міністэрства ўнутраных спраў Вольгай Чамаданавай. Нельга выключаць, што перамяшчэнне шэфа адкрые новае акно магчымасцяў менавіта для гэтай заслужанай перад рэжымам жанчыны.
Арцём Цуран з Вольгай Чамаданавай сустракаюцца з калектывам інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны»
Чытайце таксама:
Экс-прэс-сакратар МУС здзівіла адказам на пытанне, ці варта блакаваць сацсеткі ў Беларусі
Вольга Чамаданава аб пратэстах 2020 года: Выдатна разумела, за што і дзеля каго змагалася