Ад «Верасоў» да Nizkiz і «Ляпісаў» — з’явіўся новы ютуб-канал з беларускім караоке
Праблема аматараў караоке, якім не ставала айчынных трэкаў у каталогах, можа быць вырашана: у сеціве з’явіўся ютуб-канал з хітамі беларускіх выканаўцаў. Пакуль на ім каля 80 песень, але іх колькасць расце з кожным днём.
09.03.2024 / 15:40
Канал «Belaruskae KARAOKE» быў створаны яшчэ ў 2011 годзе, але актыўна абнаўляецца толькі ў апошнія месяцы. Пашанай на ім карыстаецца творчасць гуртоў Nizkiz, Naviband, «Дай дарогу!» — трэкаў аўтарства гэтых артыстаў там пакуль найбольшая колькасць.
Скрыншот з канала.
Але хапае і іншых, запатрабаваных сёння музыкаў: Palina, «Разбітае сэрца пацана», Volski, «Пятля прыхільнасці», «Tor Band», Nürnberg і нават Алена Жалудок з яе зорнай «Шчучыншчынай». Цяпер кожны ахвотны можа зладзіць караоке з роднымі сэрцу песнямі ў сябе дома ці выкарыстаць яго меню ў спецыяльных установах.
Для тых, хто аддае перавагу класіцы, на ютубе таксама існуе канал Biełaruskaje karaokіe. З невялікім, але ўсё ж выбарам цікавых трэкаў, накшталт «Веранікі» аўтарства «Песняроў» ці вядомыя ўсім «Касіў Ясь канюшыну» і «Дзед Барадзед».
Калі хочацца праспяваць кампаніяй гімн «Магутны Божа», то яго нароўні яшчэ з парай цікавых «мінусаў» можна знайсці на канале «Беларускай рады культуры».
Фота з рок-караоке ў мінскім «Графіці»: vk.com/graffiti_by.
Таксама беларускае караоке афлайн ладзіцца на пляцоўцы варшаўскага клуба-бара Scena Chmielna. Як распавёў «Нашай Ніве» Ілля Маліноўскі, які праводзіў караоке-вечарыны ў Мінску, частку сваіх архіваў ён перадаў арганізатарам У Варшаве.
«Мы не ставім творы «z»-артыстаў», — з парога заяўляецца ў анонсах клуба.
Штопятніцу ў той жа Варшаве караоке-вечарыны ладзіць каманда, якая працавала над мінскім «Графіці»: польскія, беларускія і ўкраінскія песні запрашаюць спяваць у перагарні «Jedna Miłość».
Чытайце таксама:
Жывая легенда Мінска: што чуваць у жанчыны, якая шмат год спявае пра Ісуса?
Якія аўдыякнігі слухаюць беларусы? Найпапулярнае з Audiobooks.by