Арменія афіцыйна папрасіла Расію вывесці сваіх памежнікаў з ерэванскага аэрапорта

Арменія накіравала ў Расію афіцыйны ліст па пытанні прысутнасці расійскіх памежнікаў у аэрапорце «Звартноц», заявіў сакратар Рады бяспекі Арменіі Армен Грыгаран. Паводле яго слоў, службу ў аэрапорце павінны несці армянскія памежныя войскі, паведамляе news.am.

06.03.2024 / 16:45

Міжнародны аэрапорт «Звартноц» у Ерэване. Фота: move2armenia.am

«Арменія накіравала афіцыйны ліст у РФ з выразнай пазіцыяй. Мы праінфармавалі, што ў аэрапорце Звартноц павінны несці службу армянскія памежныя войскі», — заявіў Грыгаран.

У канцы лютага вывесці расійскіх памежнікаў з аэрапорта «Звартноц» заклікаў спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманян. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, аднак, заявіў, што Расію, маўляў, не інфармавалі пра гэтае рашэнне па афіцыйных каналах.

Расійскія памежнікі знаходзяцца ў Арменіі паводле пагаднення 1992 года. У памежнае ўпраўленне ФСБ Расіі ў Арменіі ўваходзяць чатыры атрады — у Гюмры, Армавіры, Арташаце і Мегры, а таксама кантрольна-прапускны пункт у аэрапорце «Звартноц». 

Чытайце таксама:

Лаўроў прыгразіў Пашыняну: Заявы Ерэвана прымушаюць Расію задумацца пра свае практычныя крокі

Візіту Зяленскага ў Арменію і Азербайджан не будзе з-за рашэння Баку

«АДКБ не рухне». Лукашэнка пракаментаваў выхад Арменіі з гэтай арганізацыі

Арменія «замарозіла» ўдзел у АДКБ

Nashaniva.com