Папа Францішак атрымаў у дар копію абраза Маці Божай Жыровіцкай

Архімандрыт Сяргей Гаек, апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, уручыў у дар святому айцу копію абраза Маці Божай Жыровіцкай, пішуць Ватыканскія навіны.

07.03.2024 / 13:54

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 сакавіка на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, архімандрыт Сяргей выказаў Папу падзяку ад беларускіх грэка-католікаў за стварэнне Апостальскай адміністратуры, а таксама павіншаваў яго з адзінаццатай гадавінай абрання на Пасад, якая будзе адзначацца 13 сакавіка. У якасці дару ён уручыў Францішку паменшаную копію абраза Маці Божай Жыровіцкай, выкананую на мармуры ў мінскай майстэрні Glivi.

Апостальская адміністратура для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі была створана па рашэнні Францішка 30 сакавіка 2023 года. Апостальскім адміністратарам гэтай касцёльнай структуры быў прызначаны архімандрыт Сяргей Гаек, дагэтуль Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў.

У студзені 2023 года пантыфік маліўся перад копіяй абраза Маці Божай Жыровіцкай, якая была выстаўлена падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI. Пантыфік прасіў Багародзіцу аб дары міру ва Украіне, дзе таксама шырока ўшаноўваецца гэта ікона.

Чытайце таксама:

Каталіцкі арцыбіскуп афіцыйна дазволіў вернікам есці мяса на свята 8 сакавіка

Выйшла кніга пра каталіцкага святара, які правёў 25 гадоў у савецкіх лагерах і высылках

Беларускія ксяндзы з'ездзілі на чэмпіянат Еўропы па футболе. Вынік так сабе

Nashaniva.com