Ціханоўская: Мы дагэтуль не ведаем, чаго хоча рэжым, палітвязні для яго цяпер не праблема
Святлана Ціханоўская расказала, да каго звярталіся дэмсілы, каб вызваліць палітвязняў. І заклікала ўмяшацца сакратара ААН Антоніа Гутэрыша.
08.03.2024 / 13:36
8 сакавіка спаўняецца год, як Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — без сувязі са знешнім светам. Каб нагадаць пра яго і іншых палітвязняў у такім становішчы, Святлана Ціханоўская сустрэлася сёння з журналістамі.
Святлана адзначыла, што за гэты год атрымлівала толькі непацверджаныя звесткі пра тое, што Ціханоўскі нібыта памёр, і бачыла адно відэа, на якім яго ледзь пазнала.
Сяргей Ціханоўскі — не адзіны беларускі палітвязень без сувязі са знешнім светам. Год нічога не вядома пра Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Ігара Лосіка і іншых палітзняволеных.
Святлана называе інкамунікада спосабам катавання, які ўздзейнічае не толькі на палітвязняў, але і на іх сем’і.
Ціханоўская звярнулася да генеральнага сакратара ААН Антоніа Гутэрыша з просьбай умяшацца і патрабаваць спыніць палітыку інкамунікада ў беларускіх турмах. Яна падкрэслівае, што гэта не палітычнае пытанне, а гуманітарнае.
Таксама Ціханоўская заклікае ўрады замежных краін зрабіць пытанне палітвязняў сваім прыярытэтам і патрабаваць выканання запыту Камітэта ААН па правах чалавека аб тэрміновых мерах па справах Віктара Бабарыкі, Максіма Знака і Сяргея Ціханоўскага, а таксама выставіць ультыматум рэжыму Лукашэнкі з патрабаваннем паказаць палітвязняў, пра якіх нічога не вядома.
Ціханоўская выказалася наконт перспектывы вызваліць палітвязняў шляхам перамоў:
«За гэтыя чатыры гады мы рабілі шмат захадаў, каб вызваліць палітзняволеных, хаця б тых, хто быў у гуманітарным спісе. У тым ліку мы звярталіся да Чырвонага Крыжа, Папы Рымскага. Але мы дагэтуль не ведаем, чаго хоча рэжым, а для рэжыму Лукашэнкі палітвязні цяпер — не праблема. Мы павінны зрабіць, каб гэта было праблемай, і тады яны самі будуць шукаць магчымасці, каб абмяняць іх ці вызваліць.
Каб зрабіць палітвязняў праблемай для Лукашэнкі, трэба палітычная воля: павінны быць больш рашучыя санкцыі, трэба зачыніць дзіркі, праз якія рэжым Лукашэнкі працягвае гандляваць. Словы салідарнасці не працуюць, павінны працаваць механізмы, якіх цяпер шмат у дэмакратычным свеце».
Літоўскія журналісты запыталіся ў Ціханоўскай наконт беларусаў, якіх літоўская разведка лічыць пагрозай нацыянальнай бяспецы.
Дэмакратычная лідарка падкрэслівае, што беларускі рэжым жадае пагоршыць адносіны паміж беларускай дыяспарай і літоўцамі: «Літоўцы — нашы моцныя саюзнікі ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду ў Беларусі. Рэжым бачыць такую вялікую падтрымку з боку ўрада і народа Літвы і, канешне, жадае гэта спыніць, таму і робяць гэтыя адмысловыя інфармацыйныя атакі на літоўскі народ».
На думку Ціханоўскай, беларуская прапаганда карыстаецца некалькімі рэальнымі выпадкамі з выяўленнем шпіёнаў рэжыму, каб прадстаўляць іх як пагрозу літоўскай незалежнасці.
Палітык заклікае літоўскі ўрад і сакрэтныя службы не разглядаць боль беларусаў у палітычным ракурсе: «Мы чакаем салідарнасці, мы шукаем яе. І мы насамрэч плацім высокую цану за нашу свабоду і незалежнасць. Перш за ўсё я хачу, каб літоўскі народ зразумеў, што адбываецца. Літоўскія службы вымушаныя шукаць тых, хто можа працаваць на КДБ, але я вельмі сумняюся, што іх шмат».
Чытайце таксама:
«Я больш не хачу займацца палітыкай». Па інтэрнэце гуляе фэйкавы зварот Ціханоўскага
Дачка Ціханоўскіх збірае грошы на танк, каб «вызваліць тату»