Адзін з двайнікоў Прыгожына загінуў ва Украіне
Руслан Юнусаў, які некалькі гадоў таму стаў Яўгенам Віктаравічам Прыгожыным, у канцы студзеня загінуў на вайне ва Украіне.
08.03.2024 / 18:07
Руслан Юнусаў быў двайніком Прыгожына з 2018-га. Фота: «Агенцтва»
Гэта здарылася ў ваколіцах украінскага сяла Рабоціна, дзе тады ішлі баі. Гібель вайскоўца «Агенцтву» пацвердзіла жонка яго брата.
Спіс з 296 загінулых пад Рабоцінам дэсантнікаў з Пскоўскай 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі ПДВ апублікаваў тэлеграм-канал «Дасье шпіёна». Пад нумарам 195 у пераліку знаходзіцца Яўген Віктаравіч Прыгожын, у якога пазначаны другія імя, прозвішча і імя па бацьку — Руслан Феціхавіч Юнусаў.
Па словах жонкі брата Юнусава, ваенны служыў у Пскоўскай дывізіі ПДВ, на вайну пайшоў добраахвотнікам і загінуў на фронце ў студзені. Суразмоўца «Агенцтва» пацвердзіла, што Юнусаў змяніў дакументы ў 2018 годзе.
Паводле версіі Пентагона, Прыгожын выкарыстоўваў «двайнікоў», каб схаваць свае перамяшчэнні.
Як пісала «Фантанка», Юнусаў атрымаў дакументы на імя Прыгожына 26 мая 2018 года. У 2019 годзе мужчыну арыштавалі паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў рабаванні — дэсантнік разам з Пятром Піраном, у якога ён працаваў ахоўнікам, уварваліся ў кватэру прадпрымальніка, імя якога не раскрываецца, пад выглядам ФСБ.
Злачынцы, пагражаючы затрыманнем і катаваннямі, прымусілі бізнэсмэна аддаць ім пяць млн расійскіх рублёў наяўнымі і перавесці крыптавалюту на 55 млн рублёў. У 2020 годзе суд прысудзіў Юнусаву восем гадоў калоніі. Перад арыштам ён патлумачыў змену прозвішча «родам сваёй дзейнасці» ахоўніка.
У жніўні 2023 года дэсантнік яшчэ адбываў пакаранне ў калоніі і спрабаваў вярнуць свае ранейшыя імя, прозвішча і імя па бацьку, пісала Руская служба «Бі-бі-сі». Суд тады адмовіў асуджанаму. У той публікацыі журналісты назвалі Юнусава адным з трох вядомых двайнікоў Прыгожына.
Чытайце таксама:
Забойства Яўгена Прыгожына арганізаваў Патрушаў — WSJ
Навошта Крамлю патрэбныя тэорыі пра хваробы, смерці і двайнікоў Пуціна