Кіраўнік МЗС Брытаніі супраць адпраўкі заходніх войскаў ва Украіну, але за перадачу ёй крылатых ракет

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран у інтэрв'ю нямецкай газеце Sueddeutsche Zeitung заявіў, што выступае супраць адпраўкі заходніх войскаў ва Украіну, нават для правядзення трэніровачных місій.

09.03.2024 / 19:22

Дэвід Кэмеран. Фота: AP Photo/Markus Schreiber

Паводле Кэмерана, навучанне лепш за ўсё праводзіць за мяжой, паколькі замежныя вайскоўцы на тэрыторыі Украіны стануць мішэнню для Расіі. Вялікабрытанія ўжо падрыхтавала на сваёй тэрыторыі 60 тысяч украінскіх вайскоўцаў, сказаў Кэмеран.

Адказваючы на пытанне, ці не абмяркоўваецца перадача Украіне ракет Storm Shadow у абмен на пастаўку Лондану Taurus з Германіі, Кэмеран сказаў, што не будзе раскрываць дэталі, але выказаў гатоўнасць працаваць з Берлінам, каб зняць занепакоенасць у дачыненні да паставак крылатых ракет Кіеву.

«Мы гатовыя разгледзець усе варыянты для дасягнення максімальнага эфекту для Украіны», — сказаў ён.

Кіраўнік Форын-офіса таксама адхіліў асцярогі, што пастаўкі крылатых ракет Украіне могуць прывесці да эскалацыі баявых дзеянняў.

«Можна вызначыць абмежаванні на выкарыстанне гэтай зброі, каб яна ніякім чынам не спрыяла эскалацыі», — сказаў Кэмеран.

Чытайце таксама:

Расійская прапаганда вызначыла чатыры масты Нямеччыны для «ўдару ў адказ» за Крымскі мост

Пуцін мог атрымаць інтымныя відэа нямецкіх палітыкаў і чыноўнікаў — Bild

Міністр абароны Германіі выказаўся наконт уцечкі размоў нямецкіх вайскоўцаў пра ракеты Taurus

Уцечка паказвае, што Германія не толькі не пастаўляе Taurus Украіне, але толкам і не абмяркоўвала гэта

Nashaniva.com