У Мінску пачынаецца завочны суд за зрыў рэферэндуму. На віртуальнай лаве падсудных Павел Лібер, Аляксандр Дабравольскі і Алена Жываглод
Яны, паводле абвінавачання, «распрацавалі план па зрыве рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе».
12.03.2024 / 10:29
У судзе Заводскага раёна Мінска 12 сакавіка ў працэсе спецыяльнай вытворчасці (завочна) пачынаецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Алены Жываглод, Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага, якія, паводле абвінавачвання, «распрацавалі план па зрыве рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе», піша «Вясна»
Усіх чатырох абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса («перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненым з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове»).
Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый Лукашэвіч.
Спецвытворчасць была распачатая Следчым камітэтам па ўзгадненні з генпракурорам Беларусі 27 снежня 2023 года, а ўжо 22 лютага справу перадалі ў суд.
«Інстытут спецыяльнай вытворчасці» быў уведзены ў 2022 годзе. Ён дазваляе весці крымінальную справу ў дачыненні да абвінавачанага, які «знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Адвакаты і праваабаронцы лічаць, што завочныя суды парушаюць права чалавека на абарону.
Па матэрыялах следства, фігуранты разам з іншымі асобамі ў студзені-лютым 2022 года «ўдзельнічалі ў распрацоўцы і рэалізацыі адзінага плана супрацьпраўных дзеянняў для зрыву рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі, прызначанага на 27 лютага 2022 года. Згодна з планам, па месцы працы і жыхарства членаў Цэнтрвыбаркама і камісій па рэферэндуме павінны былі накіроўвацца лісты з тэкстам, распрацаваным абвінавачанымі не пазней за студзень 2022 года».
Адзначаецца, што ў выніку ў адрас членаў ЦВК і камісій па рэферэндуме накіравана не менш за 11 тыс. лістоў з пагрозамі.
Алена Жываглод — кіраўніца ініцыятывай «Сумленныя людзі», Аляксандр Дабравольскі — палітык, старшы дарадца Святланы Ціханоўскай, Павел Лібер стварыў платформу для галасавання «Голас», а Павел Марыніч з’яўляецца кіраўніком «Маланка Медыя».
Раней па гэтым артыкуле (у тым ліку) судзілі палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Рамана Карпука.
Чытайце таксама:
Завочна бяруцца судзіць Леаніда Судаленку і Юрыя Шчучко
Завочна збіраюцца судзіць яшчэ дзевяць чалавек, гэтым разам зусім не публічных
Следчы камітэт справіўся з расследаваннем справы Івана Краўцова менш чым за месяц