З Гродна ў Беласток — за 43 гадзіны. Беларускі аўтобус паставіў рэкорд па часе на мяжы
Чытачка выдання «Мост» Алена, імаверна, паставіла рэкорд па працягласці паездкі з Гродна ў Беласток. Дарога на аўтобусе 8 сакавіка заняла ў яе 43 гадзіны. Жанчына расказала, як так выйшла.
12.03.2024 / 15:08
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Onliner
У лепшыя часы з Гродна ў Беласток можна было даехаць за 2,5-3 гадзіны. Цяпер, калі з боку Гродзенскай вобласці пункты пропуску на беларуска-польскай мяжы закрытыя, шлях ляжыць праз Літву ці Брэст і займае нашмат больш часу.
Увечары 7 сакавіка на выездзе з Беларусі ўтварыліся вялізныя чэргі. Адбіліся два фактары: доўгія выхадныя ў Беларусі (у такія дні турысты ахвотна плануюць паездкі за мяжу) і падвышаная нагрузка на пункты пропуску: з 1 сакавіка Літва закрыла два пераходы на мяжы з Беларуссю — «Прывалку» і «Катлоўку».
Алена выехала з Гродна аўтобусам у гадзіну ночы 8 сакавіка. Гэта быў рэйс польскага перавозчыка, з якім жанчына падарожнічае не ўпершыню. Мінулы раз, напрыканцы лютага, яна вярталася ў Беларусь аўтобусам той жа кампаніі, дарога з Беластока ў Гродна праз «Прывалку» заняла 6 гадзін.
Да доўгіх пераходаў мяжы жанчына была гатова. Часам ёй даводзілася праводзіць у дарозе 10-12 гадзін, а максімальны час, які Алена калі-небудзь стаяла на мяжы, складала 13 гадзін.
Білеты на аўтобус Алёна, як заўсёды, купляла на сайце польскага перавозчыка, так што прадчування, што на гэты раз нешта можа пайсці не так, у яе не было.
«Сталі 27-мі ў чаргу да турыстычных аўтобусаў»
Калі пасажыры селі ў аўтобус, Алёна спытала, праз які пункт пропуску яны паедуць, бо «Прывалка» зачыненая. Ёй адказалі, што праз «Брэст», і гэта яе не насцярожыла.
— Праз тры гадзіны былі на мяжы. І тут высветлілася, што ў гэтага перавозчыка няма ліцэнзіі, каб ездзіць як рэйсаваму менавіта на гэтым пункце пропуску. Мы сталі 27-мі ў чаргу да турыстычных аўтобусаў. А ў рэйсавай чарзе стаяла толькі 7-9 аўтобусаў.
Алёна падкрэслівае, што нават калі б аўтобус ехаў як рэйсавы, праходжанне мяжы было б доўгім. Але турыстычная чарга і зусім амаль не рухалася.
— У палякаў працаваў толькі адзін «пас», па якім прапускалі аўтобусы, таму схема была такая: бралі тры рэйсавыя аўтобусы, [потым] адзін турыстычны. Потым зноў — тры рэйсавыя, адзін турыстычны, — расказвае Алена.
30 долараў за месца да Варшавы
Чарга турыстычных аўтобусаў была настолькі доўгай, што перавозчыкі, калі прыязджалі, у яе нават не станавіліся — высаджвалі пасажыраў на мяжы, разварочваліся і зʼязджалі. А людзі шукалі спосабы прайсці мяжу з іншымі аўтобусамі ці легкавымі аўтамабілямі.
Так паступіла і большая частка пасажыраў рэйса, якім ехала Алена. Яны даплачвалі за білет і шукалі месцы ў іншых рэйсавых аўтобусах. Даехаць да Варшавы каштавала да таго моманту каля 30 долараў, а грошы за білет на аўтобус без ліцэнзіі ім, само сабой, не вярталі.
— На працягу некалькіх гадзін, [пасля таго] як мы прыехалі, бітком набіты наш аўтобус разышоўся па іншых аўтобусах… У выніку да Беластока з тым жа перавозчыкам даехала, можа, чалавекі чатыры.
«Ім пашанцавала зэканоміць суткі часу»
Да раніцы 8 сакавіка сітуацыя абвастрылася.
— Сталі ехаць рэйсавыя [аўтобусы] па ўсіх напрамках: Гданьск, Познань, Гдыня, Тэрэспаль… Чарга турыстычных не змяншалася.
Праз суткі, у гадзіну ночы 9 сакавіка, з Гродна выйшаў наступны аўтобус таго ж перавозчыка. Але паколькі аўтобус, у якім ехала Алёна, да таго моманту быў амаль пустым, усіх 33 пасажыраў з новага аўтобуса перасадзілі ў аўтобус, які ўжо больш за суткі стаяў у чарзе — так яго пасажыры зэканомілі час і, натуральна, нічога не даплачвалі, таму што ехалі з тым жа перавозчыкам.
— Ім пашанцавала зэканоміць суткі часу, — тлумачыць Алена.
Паводле яе слоў, легкавыя машыны праходзілі мяжу хутка, таму мэтазгодней за ўсё было дамовіцца з кіроўцамі асабістых машын і падсесці да іх.
У выніку 9 сакавіка ў 13:15 па беларускім часе аўтобус выехаў з мяжы.
Але ягоны маршрут пралягаў праз Варшаву. Да польскай сталіцы паездка заняла 2,5 гадзіны, а ўжо адтуль борт накіраваўся ў Беласток. У пункт назначэння жанчына дабралася толькі да 20:00 па мінскім часе.
Жанчына кажа, што зараз доўга не зможа набрацца сіл для новага падарожжа ў Польшчу.
Чытайце таксама:
«Аўтобус быў забіты як на Новы год». Як з паездкамі за мяжу пасля закрыцця двух прапускных пунктаў?
«Адразу нават не зразумелі, як усё кепска». Беларус расказаў, як перасякаў польскую мяжу