Мазырскі НПЗ паўгода таму запусціў французскую ўстаноўку. Цяпер шукае спецыялістаў, якія б навучылі на ёй працаваць
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод абʼявіў адкрыты конкурс на пошук спецыялістаў для абслугоўвання тэхналагічных секцый устаноўкі гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў. Гэтая ўстаноўка коштам 1,5 мільярда долараў была запушчана паўгода таму, але стала самай аварыйнай на заводзе — як мінімум пяць разоў СМІ паведамлялі аб надзвычайных здарэннях на ёй, піша «Флагшток».
13.03.2024 / 15:04
Ілюстрацыйны здымак
З дакументацыі папярэдняга тэндару, які не адбыўся, стала вядома аб галоўных праблемах дарагой устаноўкі. Гэта, у прыватнасці, адсутнасць штата спецыялістаў, якія могуць весці суправаджэнне і кансультаванне, звязаныя з эксплуатацыяй устаноўкі па тэхналогіі H-Oil.
Справа ў тым, што яна аснашчана ліцэнзійным абсталяваннем французскай кампаніі Axens — а ва ўмовах накладзеных на прадпрыемства санкцый яно не можа прыцягнуць да супрацоўніцтва еўрапейскіх спецыялістаў.
У новым тэндары пазначана сума, якую Мазырскі НПЗ гатовы аддаць з уласных сродкаў за працу спецыялістаў, якія навучылі б карыстацца ўстаноўкай гідракрэкінгу. Яна складае амаль 1,9 млн еўра.
Па ўмовах конкурсу, на працягу года спецыялісты, якія маюць адпаведны вопыт, павінны прысутнічаць на абʼекце і забяспечваць штосутачнае кансультаванне тэхналагічнага персаналу прадпрыемства, выдаваць рэкамендацыі пры вядзенні тэхналагічнага рэжыму, правядзенні пускавых аперацый, спыненні асобнага абсталявання або ўсёй устаноўкі.
Адзначаецца, што ўсе справаздачы і рэкамендацыі, якія выдаюцца спецыялістамі, павінны быць прадстаўлены на рускай мове.
На Мазырскім НПЗ чакаюць, што спецыялісты змогуць пачаць працу на прадпрыемстве з 1 чэрвеня.
Чытайце таксама:
«Благодарим… Впечатляет… Приятно…» Як мазырскія рабочыя рэагуюць на губернатара паводле ідэолагаў
У выніку пажару на мазырскім НПЗ загінуў чалавек
На Мазырскім НПЗ адбыўся пажар
Беларусь нарошчвае здабычу нафты і выкарыстоўвае новую тэхналогію. Што за яна?