Кампанія Ілана Маска зноў страціла касмічны карабель Starship у выпрабавальным палёце. Гэта ўжо трэці раз
Амерыканская кампанія SpaceX, якая належыць Ілану Маску, страціла сувязь з касмічным караблём Starship падчас трэцяга выпрабавальнага палёту. Гэта вынікае з трансляцыі SpaceX у сацсетцы X.
14.03.2024 / 20:19
Старт прайшоў паспяхова, карабель вывела на арбіту самая цяжкая ракета-носьбіт у свеце Super Heavy з касмадрома ў Тэхасе. Starship дасягнуў вышыні 230 км, праверыў абсталяванне, а пасля пачаў зніжэнне.
Падчас уваходжання ў атмасферу Зямлі, прыкладна праз 49 хвілін пасля старту, абшыўка карабля пачала награвацца і загарэлася. Пасля гэтага сувязь з караблём — як праз уласныя спадарожнікі SpaceX Starlink, так і праз спадарожнікі TDRSS Nasa — знікла. Па плане Starship павінен быў прывадніцца ў Індыйскім акіяне.
Як піша New Scientist, карабель, верагодна, згарэў у атмасферы.
У SpaceX заявілі, што падчас выпрабавальнага палёту ўдалося дасягнуць некалькіх ключавых мэтаў. У прыватнасці, карабель упершыню ўдалося вывесці на арбіту Зямлі. «Мы прасунуліся далей, чым калі-небудзь раней», — сказаў прэс-сакратар SpaceX Дэн Х'ют.
Першыя два выпрабавальныя палёты Starship скончыліся да выхаду карабля на арбіту. У красавіку 2023 года праз некалькі хвілін пасля старту адбыўся выбух. У лістападзе таго ж года неўзабаве пасля аддзялення ступені масіўны звышцяжкі паскаральнік ракеты выбухнуў, а разгонны блок карабля разбурыўся да дасягнення зададзенай вышыні.
Чытайце таксама:
Ракета Starship Ілана Маска зноў узарвалася пасля тэставага запуску
SpaceX з другой спробы запусціла ракету Starship, але радаваліся нядоўга
Трэці запуск Starship Ілана Маска скончыўся выбухам праз 10 хвілін пасля пасадкі. ВІДЭА