Як часта трэба мыць галаву і як правільна сушыць?
Што новага навука гаворыць пра базавыя правілы догляду валасоў?
15.03.2024 / 20:37
Фота: John Lamb / Getty Images
Адной з асноўных працэдур з'яўляецца расчэсванне. Валасы трэба расчэсваць не толькі на працягу дня, але і перад мыццём. Калі мыць зблытаныя валасы, ёсць рызыка вырваць здаровыя і новыя, нават не заўважаючы гэтага. Найменш траўматычным спосабам зʼяўляецца расчэсванне ад кончыкаў да каранёў.
Некаторыя людзі заўважаюць, што ў іх выпадаюць валасы. Невялікае выпадзенне валасоў нармальнае — гэта натуральны працэс абнаўлення, вызвалення месца для новых валасоў. Але варта звярнуцца да спецыялістаў, калі вы заўважылі значнае «пахуданне» шавялюры.
Прычыны такога стану могуць быць розныя — ад стрэсу і недахопу вітамінаў да гарманальных змен, захворванняў шчытападобнай залозы. Вызначыць гэта дапамогуць аналізы. Часта валасы могуць выпадаць з-за таго, што ў чалавека ёсць прыкметы себарэі ці себарэйнага дэрматыту. На гэты працэс таксама ўплывае спадчыннасць.
На стан валасоў дрэннае ўздзеянне аказвае керацінавае выраўноўванне. Працэдура праходзіць з дапамогай вельмі гарачага праса, які пашкоджвае валасы па ўсёй даўжыні. Пасля яго рэкамендуюць выкарыстоўваць бессульфатныя шампуні, каб склад керацінавага выраўноўвання павольней вымываўся. Але яны вельмі дрэнна мыюць скуру. У выніку яна становіцца праблемнай.
Як часта мыць галаву
Спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што ні ў якім разе не варта спрабаваць «перавучыць» валасы, адкладаючы мыццё. Гэта ўсё можа скончыцца паходам да трыхолага са скаргамі на сверб і перхаць. Перавучыць тлушчавыя залозы выпрацоўваць менш скурнага тлушчу не атрымаецца.
Існуе некалькі фактараў, якія вызначаюць найлепшую частату мыцця галавы. На некаторыя з іх мы самі можам аказаць уплыў і такім чынам паменшыць ці павялічыць перыядычнасць мыцця.
Важным аспектам зʼяўляецца той факт, што тлустая на самай справе скура галавы, а не нашы валасы. Менавіта тып скуры галавы адыгрывае важную ролю ў вызначэнні частаты мыцця.
Людзям, якія змагаюцца са сталай сухасцю, напрыклад, у выніку псарыязу, таксама варта штодня ўжываць актыўныя інгрэдыенты, якія памяншаюць запаленне. Больш частага мыцця галавы могуць запатрабаваць такія праблемы са скурай, як перхаць, себарэя або себарэйны дэрматыт.
Акрамя гэтага, на частату мыцця галавы ўплывае і шэраг іншых абставін, такіх як фізічная актыўнасць, умовы працы, навакольнае асяроддзе (напрыклад, забруджванне паветра, яркае сонечнае святло).
Як мыць валасы
Многія трыхолагі не раяць мыць валасы «ўніз галавой» і прапаноўваюць рабіць гэта, стоячы ў душы. Так прасцей дабрацца нават да макушкі, а, значыць, ачышчэнне будзе больш якасным.
Акрамя таго, захаваць валасы здаровымі дапаможа выкарыстанне шампуняў і кандыцыянераў, адаптаваных да індывідуальных патрэб скуры галавы. Шампунь варта выбіраць па тыпе скуры галавы. Перад нанясеннем шампуню на скуру лепш успеніць яго ў далонях. Так ён дзейнічае мякчэй і не раздражняе скуру.
Фота: Capuski / Getty Images
Шампунь наносіцца два разы: у першы раз ён забяспечвае павярхоўнае ачышчэнне. Лепш нанесці яго на скуру галавы, памасіраваць некаторы час. Не трэба размазваць шампунь па ўсёй даўжыні: валасы цудоўна адмыюцца пенай, што сцякае зверху. Таксама рэкамендуецца не забываць масажаваць скуру галавы падчас мыцця, каб стымуляваць кровазварот і падтрымліваць здаровы рост валасоў.
Пасля шампуню варта выкарыстаць бальзам, кандыцыянер ці маску, каб аднавіць засцерагальны ліпідны бар’ер. Усе гэтыя сродкі, як і масла, наносяцца толькі на стрыжань і кончыкі. Усе маскі лепш наносіць на чыстыя, падсушаныя ручніком валасы. Гэта дапамагае актыўным рэчывам пранікаць глыбей у структуру воласа і дае лепшы вынік.
Калі вы фарбуеце валасы, то абавязкова пры мыцці галавы неабходна выкарыстоўваць скраб, каб выдаліць са скуры галавы фарбу. Рэшткі фарбавальнага складу на скуры могуць справакаваць анкалагічныя захворванні.
Як сушыць валасы
Першае, што трэба зрабіць, — выдаліць з валасоў лішнюю вільгаць з дапамогай ручніка. З-за вільгаці можа пашкодзіцца стрыжань валасоў, бо кутыкула набракае. Гэта прыводзіць да падвышанай ломкасці і павялічвае рызыку, што валасы пачнуць сячыся. Таму чым карацейшы кантакт з вадой, тым лепей.
Не варта энергічна расціраць валасы. Гэта пашкоджвае кутыкулы, якія размякчаныя ад вады. Аптымальны спосаб — мякка прыціскаць ручнік да валасоў, выціскаючы з іх вільгаць. Калі ў вас доўгія косы, іх можна скруціць жгутам у ручнік і пасля гэтага адціснуць.
На падсушаныя ручніком валасы наносяць сродкі (сыроваткі, алеі, спрэі), якія вырашаюць розныя задачы — тэрмаахова, увільгатненне, пазбаўленне цьмянасці і ломкасці ці інтэнсіўнае аднаўленне.
Спецыялісты рэкамендуюць для сушкі выкарыстоўваць фен з тэрмааховай. І сушыць валасы толькі халодным паветрам, каб папярэдзіць іх пашкоджанне. Пры гэтым струмені паветра варта накіроўваць па росце валасоў — ад каранёў да кончыкаў.
Памятайце, што кожны чалавек унікальны, і догляд за валасамі можа запатрабаваць індывідуальнага падыходу. Выконвайце гэтыя простыя правілы, і вашыя валасы будуць радаваць вас сваёй прыгажосцю і здароўем.
Чытайце яшчэ:
Як часта трэба мыць галаву і ці карысныя кандыцыянеры і маскі, тлумачыць медык
Ці можа чалавецтва раз і назаўжды вырашыць праблему аблысення?
Новы мужчынскі трэнд? Мінскі блогер зрабіў сабе перасадку валасоў