Чарговая правакацыя сілавікоў: яны аб'явілі, што ў сувязі з выбарамі ў Расіі Ціханоўская ўводзіць план «Перамога»
Такія паведамленні рассылаюцца з фэйкавага канала, які выдае сябе за канал «Байпола». У паведамленні кажацца, што цяперашнія выбары ў Расіі «стануць першым этапам разбурэння крамлёўскага рэжыму пад націскам УСУ і легіёна Свабодная Расія».
15.03.2024 / 12:19
Скрын відэа
«У перыяд з 15 па 20 сакавіка 2024 года рэжым Пуціна можа абрынуцца ў любы момант, таму абраным прэзідэнтам Святланай Ціханоўскай было прынята рашэнне аб увядзенні ў дзеянне «Плана Перамога 2.0» у надзвычайным парадку.
Лідару беларускага падполля і кіраўніку BYPOL Аляксандру Азараву даручана ў самыя кароткія тэрміны арганізаваць выкананне плана для дасягнення мэт вызвалення Беларусі», — піша канал.
І далучае спасылку нібыта на план.
Як ужо неаднаразова было, такія паведамленні рассылае фэйкавы канал. У гэтым можна лёгка пераканацца — ён створаны 13 сакавіка і ўсе паведамленні там, апроч апошняга, заліты ў той жа дзень.
Цікава, што ў клона, створанага сілавікамі, больш падпісчыкаў, чым у цяперашняга канала «Байпола» (ён быў створаны наноў пасля расколу аб'яднання былых сілавікоў).
Офіс Ціханоўскай таксама пацвердзіў, што гэта фэйк.
Нагадаем, што пераходзіць па спасылках у падобных каналах, нават з цікаўнасці, небяспечна — вы можаце пакінуць там даныя свайго акаўнта, што дапаможа сілавікам вас дэананімізаваць. Раней такія рассылкі з каналаў-фэйкаў цягнулі за сабой затрыманні.
Чытайце таксама:
Сілавікі зладзілі чарговую фэйкавую рассылку па беларускіх чатах. Што адбылося і як абараніцца
Яшчэ аднаго беларуса затрымалі: магчыма, ён пісаў у фэйкавы чат-бот плана «Перамога»