Ліцэю БДУ збіраюцца прысвоіць імя Дзяржынскага
Пра гэта высветлілася падчас рабочай сустрэчы дырэктаркі Ліцэя Таццяны Мамчыц з кіраўніцтвам БДУ.
16.03.2024 / 01:13
Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя шляхі павышэння эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы, пытанні ідэалагічнай і выхаваўчай работы з моладдзю.
Таццяна Мамчыц перадала рэктару БДУ Андрэю Каралю «калектыўны зварот супрацоўнікаў Ліцэя з прапановай аб прысваенні навучальнай установе імя «выдатнага ўраджэнца беларускай зямлі Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага», паведамляе тэлеграм-канал Ліцэя БДУ.
Варта зазначыць, што ідэя з Дзяржынскім не выглядае нечаканай. Увосень 2022 года Ліцэй БДУ разам з КДБ праводзіў культурна-патрыятычны конкурс «Першыя сярод роўных». Удзельнічаць у ім маглі выкладчыкі і ліцэісты. Свае таленты ім прапанавалі праявіць у шасці намінацыях. У адной з іх, напрыклад, канкурсантаў прасілі намаляваць комікс аб жыццёвым шляху і дзяржаўнай дзейнасці Фелікса Дзяржынскага.
Фота: Ліцэй БДУ
Таццяну Мамчыц прызначылі дырэктарам Ліцэя БДУ ў кастрычніку 2023 года, дагэтуль яна працавала начальніцай вучэбна-метадычнай часткі Інстытута нацыянальнай бяспекі.
Мамчыц — выпускніца БДУ, у 1995 годзе скончыла філалагічны факультэт.
Папярэдняя дырэктарка Ганна Чубарава ўзначаліла Ліцэй БДУ ў жніўні 2021 года. З адукацыі яна біяхімік, скончыла біялагічны факультэт БДУ. Пакінула пасаду дырэктаркі ў верасні 2023-га, прычыны не агучваліся.
Да яе дырэктарам быў Ігар Варакса, ён кіраваў Ліцэем менш за два гады. «Ліцэй не змог бы надалей існаваць на выспе, адрэзаны ад усёй астатняй сістэмы адукацыі. У сваю чаргу, мне не хацелася б бачыць на ўласныя вочы заняпад той справы, у якую я ўкладаў душу. А яшчэ не хацелася нішчыць сваімі ж рукамі тое, што ствараў падчас папярэдняй працы ў Ліцэі. Таму трэба было адыходзіць», — тлумачыў Варакса сваё звальненне «Нашай Ніве».
Чытайце таксама:
У Ліцэй БДУ прызначылі новую дырэктарку
У самым пачатку навучальнага года з Ліцэя БДУ звольнілася дырэктарка
«Але ворага трэба бачыць». Нарада Лукашэнкі ў БДУ была злавеснай