Прэзідэнт Казахстана прапанаваў разгледзець пытанне змены герба краіны

«Бо ў ім прысутнічае эклектыка і прыкметы савецкай эпохі», — сказаў Касым-Жамарт Такаеў.

16.03.2024 / 12:43

Прэзідэнт Казахстана прапанаваў разгледзець пытанне змены герба краіны. Пра гэта Касым-Жамарт Такаеў заявіў на трэцім пасяджэнні Нацыянальнага курултаю ў горадзе Атыраў.

Па словах Такаева, цяперашні герб, зацверджаны ў чэрвені 1992 года, занадта складаны, змешвае стылі і мае элементы савецкай эпохі.

«Аб дзяржаўным гербе лічу мэтазгодным прыняць да ўвагі слушныя довады прафесіяналаў і неабыякавых грамадзян, у тым ліку моладзі, аб тым, што герб Казахстана занадта складаны для ўспрымання, у ім прысутнічае эклектыка і прыкметы савецкай эпохі», — заявіў Такаеў.

Такаеў дадаў, што «ў выпадку ўсеагульнай згоды» над пытаннем можа працаваць спецыяльная камісія, якая «аб'явіць адкрыты конкурс на найлепшы праект новага герба Рэспублікі Казахстан».

Таксама Касым-Жамарт Такаеў выказаўся пра гісторыю Казахстана, піша Tengrinews.kz.

«Апошнім часам стала шмат абмеркаванняў вакол розных падзей даўняга мінулага, вядомых гістарычных фігур. Дайшло да таго, што нашы пісьменнікі і паэты горача спрачаюцца аб паходжанні Чынгісхана. Параўноўваюць і супрацьпастаўляюць лідараў руху «Алаш» і нашых дзеячаў савецкага перыяду. Дабрацца да ісціны ў такіх дыскусіях складана, а нават калі і атрымаецца гэта зрабіць, такая пустапарожняя палеміка, бударажыць грамадства, нам не патрэбна», — адзначыў Такаеў.

«Усе нашы дзеячы мінулага служылі свайму народу, зыходзячы з уласных поглядаў і светаразумення. Яны крытыкавалі погляды адзін аднаго, а наступныя пакаленні спрачаюцца аб тым, хто з іх меў рацыю, хто вінаваты. У цэлым нельга супрацьпастаўляць розных гістарычных дзеячаў, мінулы і сучасны перыяды гісторыі.

Бо, па сутнасці, усё гэта — наша гісторыя, пройдзены нашым народам шлях. Як бы там ні было, нам трэба сумленна і бесстаронна глядзець на сваю гісторыю і прымаць яе такой, якая яна ёсць. Наша гісторыя павінна стаць фактарам кансалідацыі нацыі», — сказаў Такаеў.

***

«Алаш» — казахскі грамадска-палітычны нацыянальна-вызваленчы рух, які аб'яднаў казахскую і кіргізскую інтэлігенцыю ў 1917 годзе. Створаны журналістам і публіцыстам Аліханам Букейханавым, лінгвістам, паэтам і перакладчыкам Ахметам Байтурсынавым і пісьменнікам Міржакіпам Дулатавым, прымыкаў па ідэалогіі да расійскай партыі кадэтаў. Ліквідаваны бальшавікамі і спыніў існаванне ў 1920 годзе. Кіраўнікі партыі «Алаш» былі рэпрэсаваныя ў 1930-я гады і расстраляныя.

Чытайце таксама:

У Казахстане прыбралі чарговы помнік Нурсултану Назарбаеву

Такаеў: Палажэнне аб аднаразовым прэзідэнцкім тэрміне ў Канстытуцыі нязменна

«Я пазбавіўся ад душэўнай адзіноты, якая цягнулася гадамі». Нурсултан Назарбаеў расказаў у мемуарах, што ў яго ёсць другая сям'я, а першая жонка толькі радая

Nashaniva.com