Беларуска прывезла на тыдзень моды ў Парыжы льняныя вясельныя сукенкі ФОТЫ 

Калекцыю з беларускага лёну ацаніў экс-памочнік знакамітага мадэльера Гацье.

17.03.2024 / 23:30

На Парыжскім тыдні моды свае працы прэзентавала беларуская дызайнерка вясельных і вячэрніх убораў Наталля Мініна. Калекцыю яна стварыла з лёну, піша Tochka.by.

Фота тут і далей: архіў дызайнеркі

Адзенне на 98% складаецца з натуральнага матэрыялу і цалкам выканана ўручную. З дэкору — фацінавыя кветкі і іншыя элементы.

Унікальнасць калекцыі — у сумяшчэнне прыроды і раскошы. 

На парыжскі подыум Наталля запрасіла дзяўчат розных камплекцый і ўзросту. Рост адной з іх — 158 см.

«Мы вырашылі зняць абутак з мадэляў, такім чынам яшчэ больш падкрэсліць натуральнасць. А на адзін з выхадаў дзяўчат папрасілі ўзяць яблыкі. Такім чынам стварыўся лёгкі і натуральны вобраз прагулкі па садзе. Бо, каб быць прыгожымі, нам не патрэбныя ўпрыгажэнні, дастаткова знайсці нешта асаблівае ў сваёй душы», — пракаментавала дызайнерка журналістам.

Самае прыемнае для Наталлі — увага і ацэнка «калег па цэху». Так, да беларускай дызайнеркі падышоў вядомы мадэльер Наз Маер, экс-памочнік Жана-Поля Гацье.

Прызнанаму эксперту калекцыя спадабалася. Яшчэ адно прыемнае дасягненне — фота з паказу калекцыі Наталлі апублікавалі ў італьянскім часопісе Marie Claire.

Адну з сукенак у яе купілі з паказу.

Некалькі дзён у Наталлі працаваў шоўрум у Парыжы. Там дызайнерка прадставіла сукенкі па ўласнай задумцы.

Дызайнерка Наталля Мініна. Фота: Tochka.by

«Цікавасць да іх была сапраўды вялікая: да мяне падыходзілі, пыталіся, бралі візітоўкі. Цяпер я маю зносіны з баерамі, праз якіх планую супрацоўнічаць з сусветнымі крамамі і шоурумамі», — агучыла планы дызайнерка.

Чытайце таксама:

Беражы галаву. Шапкі ад беларускіх вытворцаў, у якіх будзе не толькі цёпла, але і прыгожа

Кроксы ад «Марка», мартэнсы ад «Праменя». Шукаем стыльны абутак беларускіх вытворцаў

Модная восень па-беларуску. Трэндавыя рэчы можна знайсці нават у брэсцкай «Калінцы»

Nashaniva.com