З Мінска ў канцы мая запускаюць рэйс на «райскі курорт» Кітая

Лётаць на Хайнань будуць два разы на тыдзень.

18.03.2024 / 12:53

Wikimedia Commons

Старт авіярэйса, які злучыць Мінск і Хайнань, намечаны на 25 мая, пра гэта сёння паведамілі ў Мінску на вялікай прэзентацыі курортнага кітайскага вострава, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.

Рэйс па маршруце Санья — Мінск — Санья будзе выконваць адна з кітайскіх авіякампаній — Beijing Capital Airlines — два разы на тыдзень, па аўторках і суботах, борт Airbus A330-300. Як паведамілі на прэзентацыі, авіякампанія ўжо атрымала дазволы на эксплуатацыю маршруту ад упраўленняў грамадзянскай авіяцыі Кітая і Беларусі. Астатнія тэхнічныя пытанні знаходзяцца ў стадыі рашэння.

Хайнань знаходзіцца на шыраце Гавайскіх выспаў. Санья, куды будзе прылятаць самалёт з Беларусі — галоўны турыстычны цэнтр Хайнаня. Тут турыстаў чакае выдатна развітая турыстычная інфраструктура, важна адзначыць, што мясцовыя гатэлі прапануюць высокі сэрвіс. Эксперты таксама адзначаюць выдатную экалогію гэтых месцаў. Дадамо, што трапічны клімат дазваляе адпачываць тут круглы год. Так сёння ў Саньі +31, уначы чакаецца +24.

Чытайце таксама:

У Мінтрансе палічылі, у колькі краін лётае «Белавія»

«Белавія» вярнула магчымасць выбіраць месцы на рэйс пры анлайн-рэгістрацыі

«Белавія» з канца мая будзе лётаць у Ізмір

Nashaniva.com