Дабравольскаму, Ліберу і Жываглод завочна прысудзілі па 4 гады за зрыў рэферэндума
У судзе Заводскага раёна Мінска 18 сакавіка ў працэсе спецыяльнай вытворчасці (завочна) вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Алены Жылачкінай (Жываглод), Паўла Лібера, Паўла Марыніча і Аляксандра Дабравольскага, якія, паводле абвінавачання, «распрацавалі план па зрыве рэспубліканскага рэферэндуму ў 2022 годзе».
18.03.2024 / 16:27
Усіх чатырох абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса («перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненым з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове»).
Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Лукашэвіч.
Спецвытворчасць была распачатая Следчым камітэтам па ўзгадненні з генпракурорам Беларусі 27 снежня 2023 года, а ўжо 22 лютага справу перадалі ў суд.
Па матэрыялах следства, фігуранты разам з іншымі асобамі ў студзені-лютым 2022 года «ўдзельнічалі ў распрацоўцы і рэалізацыі адзінага плана супрацьпраўных дзеянняў для зрыву рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі, прызначанага на 27 лютага 2022 года. Згодна з планам, па месцы працы і жыхарства членаў Цэнтрвыбаркама і камісій па рэферэндуме павінны былі накіроўвацца лісты з тэкстам, распрацаваным абвінавачанымі не пазней за студзень 2022 года».
Адзначаецца, што ў выніку ў адрас членаў ЦВК і камісій па рэферэндуме накіравана не менш за 11 тыс. лістоў з пагрозамі.
Алена Жываглод — кіраўніца ініцыятывы «Сумленныя людзі», Аляксандр Дабравольскі — палітык, старшы дарадца Святланы Ціханоўскай, Павел Лібер стварыў платформу для галасавання «Голас», а Павел Марыніч з’яўляецца кіраўніком «Маланка Медыя».
Усіх чацвярых суд прызнаў вінаватымі па ч. 2 арт.191 КК (перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненая з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове) і кожнаму прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Люстэрка».
Чытайце таксама:
Завочна будуць судзіць Ляўчук, Павукоў, Вераніку Цапкалу
Завочна будуць судзіць Ігара Казмерчака з Оршы
Завочна будуць судзіць аўтарку мема «Стоп таракан»
Завочна будуць судзіць гарадзенцаў Уладзіміра Хільмановіча і Сяргея Верамеенку