«Інфармацыю пра мяне зліваў хтосьці з апазіцыі». Актывіст Аксёнаў, якім маніпулявала КДБ, паехаў на заробкі ў Канаду

У канцы 2023 года шмат гаварылі і казалі пра актывіста БХД Алега Аксёнава, які стаў удзельнікам кадэбісцкай спецаперацыі. Чэкісты працяглы час ім маніпулявалі пад выглядам прадстаўнікоў Еўрасаюза. Калі праўда ўскрылася, Аксёнаў перажыў эмацыйна няпросты час і страціў частку паплечнікаў. Цяпер ён на заробках у Канадзе. А чэкіст, які кіраваў аперацыяй, пайшоў на павышэнне.

20.03.2024 / 11:21

Алег Аксёнаў. Фота: скрын відэа з Белсат News

«У маёй сітуацыі губляцца і кідацца ў паніку сэнсу няма»

З той гісторыі мінула 4 месяцы. Спачатку Алег Аксёнаў быў пад медыйнай увагай. Яго выпытвалі, як ён мог трапіць у такую сітуацыю. Затым актывіст прапаў. Яго сацыяльныя сеткі змоўклі. Куды Аксёнаў падзеўся, не ведалі нават бліжэйшыя паплечнікі.

Адшуканы актывіст кажа, што і раней не быў асабліва публічнай асобай. Пасля гісторыі з чэкістамі ахвоты камунікаваць з прэсаю ў яго зусім няма.

Па словах Аксёнава, ён выехаў у Канаду, бо з'явілася магчымасць падзарабіць. Там афіцыйная праца па кантракце, а пасля плануе вярнуцца ў Польшчу, дзе перабываў у вымушанай эміграцыі з 2022 года.

Актывіст кажа, што на пачатку непрыемнай для яго гісторыі яму эмацыйна было няпроста. Спіс кантактаў зменшыўся. Была неабходная падтрымка. Але цяпер варожага асяроддзя вакол яго няма.

«Негатыўны налёт ад мяне адляцеў. Сапраўдныя сябры засталіся побач. Яны ўсё зразумелі. Сярод тых, хто перастаў выходзіць на сувязь, важных для мяне людзей не было», — гаворыць Аксёнаў.

На пытанне, чаму пагадзіўся на «аўдытарства» адказвае, што ў прапанове ўгледзеў «магчымасць прадставіць Еўрасаюзу новыя і сапраўды карысныя згуртаванні беларусаў у замежжы». 

Аксёнаў заўважае, што ў яго сітуацыі губляцца і кідацца ў паніку сэнсу няма. Трэба рабіць працу над памылкамі: што прапусціў, дзе пракалоўся, як пайшоў на кантакт. Усё гэта зроблена. І на сёння ён працягвае працу.

Падчас семінара ў Беларускім моладзевым хабе перад удзельнікамі з'явіўся ў Zoom намеснік начальніка следчага ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі Канстанцін Бычак. Скрыншот з відэа АНТ

«Пакрыўдзіць чалавека недаверам — самае брыдкае»

Алег Аксёнаў кажа, што калі вырваўся ў вольны свет з Беларусі, апанаванай гвалтам, пільнасць прытупілася. На радзіме даводзіцца пралічваць наперад крокі, каб не трапіць пад пераслед. Прадумваеш, што, дзе і як сказаць. У дэмакратычнай краіне здаецца, што нікога не цікавіш, але гэта не так.

«Ёсць побач людзі, якія працуюць на спецслужбы рэжыму і робяць гэта даволі плённа», — перакананы ён.

Актывіст раіць тым, хто староніцца публічнасці, дзейнічаць ціхутка, бо добрыя справы, паводле яго, патрабуюць цішыні.

Цяпер Аксёнаў камунікуе толькі з людзьмі, у якіх перакананы.

Але ад свайго асноўнага жыццёвага правіла — што давяраць чалавеку трэба да таго моманту, пакуль ён не дакажа, што не варты таго, — адмаўляцца не збіраецца.

«Пакрыўдзіць чалавека недаверам — самае, на мой погляд, брыдкае», — лічыць Аксёнаў.

«Да мяне разводзілі і пасля мяне будуць, бо яны працуюць»

Алег Аксёнаў прызнае, што кадэбісты яго развялі, але лічыць, што ад гэтага ніхто не пацярпеў. Сакрэтнай інфармацыі ён ім не перадаваў, а тая, што з'явілася ў іх, была ў публічным доступе.

Ён заўважае, што толькі на фінішы гісторыі стала зразумела, што ён камунікаваў з сумнеўнымі асобамі.

Адразу ж усё было абстаўлена так, што ў яго не зʼявілася ні каліва сумневу пра маніпуляванне. Усё было вельмі добра адпрацавана, лічыць актывіст.

Ён перакананы, што аб ім працяглы час збіралі інфармацыю, якую зліваў хтосьці з апазіцыйнага асяроддзя.

«Яны валодалі звесткамі аб маёй дзейнасці за апошнія паўгода. Спасылаліся ў гутарцы на сапраўдныя акалічнасці. Чалавек, які назваўся прадстаўніком Еўрасаюза, быў інфармаваным чалавекам», — адзначае Аксёнаў.

Актывіст запэўнівае, што чэкісты вырашылі скарыстаць яго ў сваёй гульні, каб адыграцца за паразу. Маўляў, калі сілавікі прыйшлі па Аксёнава, яму ўдалося выехаць з Беларусі. Такім чынам, лічыць актывіст, ён іх ашукаў.

«Магчыма, што кадэбістам не спадабалася, чым я займаўся на эміграцыі, таму вырашылі скампраметаваць мяне», — дадае Аксёнаў. «Яны былі зацікаўленыя, каб мае кантакты з польскімі палітыкамі былі спыненыя. Свайго яны амаль што дамагліся», — адзначае ён.

Пры гэтым Аксёнаў запэўнівае, што на сёння ніякіх прэтэнзіяў з боку польскіх, а таксама структур з іншых краін да яго няма. Ён, кажа, што там працуюць дасведчаныя людзі і яны ўсё зразумелі.

«Да мяне разводзілі і пасля мяне будуць разводзіць. Яны ж таксама працуюць», — кажа актывіст.

Ён кажа, што кантакты чэкістаў, з якімі камунікаваў, зніклі неўзабаве пасля семінару па бяспецы. Бычак жа атрымаў павышэнне.

«Кожны мае права на памылку»

Алег Аксёнаў лічыць, што гісторыя з ім была раздзьмутая прэсай, а яго зрабілі вінаватым за ранейшыя праколы апазіцыі. Напрыклад, інцыдэнт са злівам звестак з Чорнай кнігі быў спушчаны на тармазах. На думку актывіста, журналісты былі зацікаўленыя ў тым, каб прывязаць яго гісторыю да сітуацыі, якая раней адбылася з Вольгай Кавальковай.

Аксёнаў спасылаецца на сваё інтэрвʼю «Белсату», дзе яго падпісалі «сябрам Каардынацыйнай рады». А яго ў цяперашнім складзе няма. Ён кажа, што звярнуў увагу вядучага на недакладнасць, але перад ім і гледачамі, уведзенымі ў зман, «Белсат» не выбачаўся.

«Гэта сведчыць пра тое, што кожны мае права на памылку», — робіць выснову Аксёнаў.

Актывіст называе сваёй душэўнай патрэбай «убачыць вольную і незалежную Беларусь, быць апорай для маці, гадаваць унукаў». Ён хоча працаваць над стварэннем краіны для годнага жыцця, дзе не будзе месца гвалту, а хрысціянскія прынцыпы будуць у аснове заканадаўства». 

***

У чым была сутнасць аперацыі КДБ?

Алег Аксёнаў наведваў розныя апазіцыйныя мерапрыемствы і асяродкі, а потым дасылаў здабытую інфармацыю куратару.

Справа была абстаўлена так, што Аксёнаў выконваў ролю аўдытара. Яму даручылі маніторыць расходаванне грантаў на падтрымку беларускай апазіцыі.

Праўда ўскрылася ў лістападзе 2023 года на семінары па бяспецы, дзе перад удзельнікамі ў прамым эфіры выступіў не чаканы прадстаўнік Еўрасаюза, а загрыміраваны прапагандыст Ігар Тур і супрацоўнік КДБ Канстанцін Бычак. Удзельнікі мерапрыемства яго з'яўленне на экране ўспрынялі спачатку жартам.

Пазней па беларускім тэлебачанні выйшаў прапагандысцкі фільм з аповедам, як чэкісты маніпулявалі палітэмігрантам.

Нічога прынцыповага новага ў стужцы сказана не было, але спецслужбісты магчыма завалодалі імёнамі ўдзельнікаў мерапрыемстваў, на якіх бываў Аксёнаў. Ён пацвердзіў, што за свае справаздачы атрымліваў ганарары.

***

59-гадовы Алег Аксёнаў — афіцэр запасу з Магілёва, па сваёй армейскай спецыяльнасці — верталётчык. Да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ён далучыўся ў 2010 годзе. У 2013-м стаў магілёўскім каардынатарам партыі, якую лукашэнкаўцы ўпарта не хацелі рэгістраваць. Беларусь Аксёнаў пакінуў у лютым 2022 года, выехаў у Польшчу. На чужыне ён працаваў ахоўнікам і грузчыкам.

Глядзіце таксама:

«Вы пад кантролем». Супрацоўнік КДБ падключыўся да анлайн-занятку Вольнага беларускага ўніверсітэта

За мяжу ездзіў усяго тры разы. Што вядома пра самага публічнага спікера КДБ

«Карты паказваюць, што ён добры». Я такая: «Б…, вы чо?». Новыя факты пра ЧКБ і губазікаўца Артура ў ёй

На ТБ паказалі допыт «дыверсантаў» і намякнулі, што іх мэтай была правакацыя ў Расіі

У КДБ расказалі, дзе рыхтуюць добраахвотнікаў для вызвалення Беларусі

Васіль Вашчыла