Навукоўцы стварылі кароў, здольных даваць малако з чалавечым інсулінам

З дапамогай генных тэхналогій вучоныя змаглі атрымаць малако з чалавечым інсулінам. Такія вынікі абяцаюць вырашыць праблему з пастаўкай інсуліну, а таксама зрабіць яго менш затратным.

21.03.2024 / 08:30

Як піша New Atlas, амерыкана-бразільская каманда навукоўцаў заявіла аб тым, што, магчыма, знайшла спосаб ліквідацыі дэфіцыту інсуліну і зніжэння яго кошту з дапамогай кароў.

У арганізме інсулін пачынае сваё жыццё як прагармон (праінсулін), які затым перажывае ператварэнне ў сваю актыўную форму. Сёння дыябетыкі выкарыстоўваюць ін'екцыйны інсулін, які вырабляецца шляхам устаўкі штучна створанай формы гена чалавечага інсуліну ў ДНК бактэрый. Гэтыя бактэрыі размяшчаюцца ў вялікіх баках для ферментацыі. Пад уздзеяннем гэтага гена бактэрыі пачынаюць вырабляць чалавечы інсулін, які затым здабываецца і чысціцца для выкарыстання ў якасці лекаў.

У часе свайго даследавання навукоўцы ўставілі сегмент чалавечай ДНК, якая кадуе праінсулін, у клеткі дзесяці эмбрыёнаў кароў, якіх імплантавалі ў маткі звычайных жывёл. Вучоныя адзначаюць, што змены закранулі толькі малочныя залозы кароў.

Толькі адзін з генетычна мадыфікаваных эмбрыёнаў прывёў да цяжарнасці. У выніку нарадзілася жывая трансгендарная цялушка. Калі яна пасталела, ёй далі гармоны, каб стымуляваць першую лактацыю. Хоць абʼём малака быў меншы, чым звычайна, даследчыкі са здзіўленнем выявілі, што яно ўтрымлівае не толькі чалавечы праінсулін, але і інсулін.

«Наша мэта палягала ў тым, каб зрабіць праінсулін, ачысціць яго да інсуліну і працягнуць працу. Але карова ў асноўным перапрацавала яго сама. Яна вырабляе прыкладна ўтрая больш біялагічна актыўнага інсуліну ў параўнанні з праінсулінам», — цытуе выданне словы аднаго з аўтараў даследавання Мэта Уілера (Matt Wheeler).

Вучоныя адзначаюць, што ўсяго ў адным літры малака ад такой каровы змяшчаецца 1 грам інсуліну, або 28818 адзінак. Пры гэтым сутачнае запатрабаванне чалавека ў інсуліне — прыкладна 0,5-2 адзінкі на кілаграм масы цела.

Даследчыкі плануюць паўторна кланаваць кароў і спадзяюцца, што наступнае пакаленне будзе больш паспяховымі з поўным цыклам лактацыі. У планах таксама стварэнне трансгенных быкоў для спарвання з каровамі. Гэта дазволіць атрымаць трансгенных цялят, якія можна будзе выкарыстоўваць для стварэння спецыяльнага статку, які вырабляе інсулін.

Па словах Уілера, нават невялікі статак кароў, якія вырабляюць інсулін, можа хутка абагнаць існуючыя метады вытворчасці інсуліну (трансгенныя дрожджы і бактэрыі) і зрабіць гэта без неабходнасці выкарыстання высокатэхналагічных сродкаў або інфраструктуры.

Чытайце яшчэ:

Чалавецтва стаіць на парозе перамогі над атлусценнем. І мае наватарскі сродак ад дыябету

Даследчыкі распрацавалі падскурны імплант для лячэння дыябету 1-га тыпу

Генныя інжынеры ствараюць кароў, якія будуць даваць у 10—20 разоў болей малака

Nashaniva.com