Польшча і Літва выступаюць за сінхранізацыю санкцый адносна Беларусі і Расіі

Пра неабходнасць сінхранізаваць санкцыі, уведзеныя супраць пуцінскай Расіі і лукашэнкаўскай Беларусі, заявілі кіраўнікі МЗС Польшчы і Літвы Радаслаў Сікорскі і Габрыэлюс Ландсбергіс падчас сустрэчы ў Варшаве.

20.03.2024 / 20:17

 

Габрыэлюс Лансбергіс і Радаслаў Сікорскі. Фота МЗС Літвы

«Ураўноўванне мела б як практычны, так і юрыдычны сэнс, бо Беларусь таксама з'яўляецца дзяржавай-агрэсарам, паколькі дала сваю тэрыторыю для нападу на Кіеў. Каб санкцыі далі эфект, іх неабходна эфектыўна ўжываць, і гэтай мэты паслужыць іх сінхранізацыя», — заявіў Сікорскі.

Ландсбергіс дадаў, што з пачатку вайны экспарт некаторых тавараў з Беларусі ў ЕС вырас у 30 разоў — і гэта не беларускія тавары, а расіяне выкарыстоўваюць падпарадкаваную сабе краіну для абыходу абмежаванняў.

«Для нас відавочна, што Беларусь выкарыстоўваецца Расіяй для экспарту тавараў, якія падпадаюць пад санкцыі. Па гэтай прычыне павінна адбыцца іх выраўноўванне», — растлумачыў сваю пазіцыю Ландсбергіс.

Акрамя таго, краіны Еўрасаюза, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, павінны ўжываць адзіны механізм кантролю санкцыйнага рэжыму, дадаў Габрыэлюс Ландсбергіс.

«Краіны з агульнай мяжой з Расіяй і Беларуссю павінны прытрымлівацца адзінага механізму прымянення санкцый і прыкладаць агульныя намаганні да перакрыцця шляхоў іх абыходу», — прыводзіць ягоныя словы прэс-служба літоўскага знешнепалітычнага ведамства.

Чытайце таксама:

Кіраўнік МЗС Латвіі заклікаў сінхранізаваць санкцыі супраць Расіі і Беларусі

Еўрапейскі суд зняў санкцыі з «Белшыны»

Як змяніліся тэрміны і цэны на дастаўку грузаў з Еўропы ў Беларусь пасля закрыцця двух пунктаў пропуску?

Nashaniva.com