У Вільні з'явіўся помнік паўстанцам — Каліноўскі і паплечнікі з жэстам клятвы
Скульптурная кампазіцыя ў памяць пра паўстанне 1863—1864 гадоў будзе ўрачыста адкрыта ў літоўскай сталіцы да дня 160-й гадавіны пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. Але ёсць і крытыкі.
21.03.2024 / 18:40
Помнік у памяць пра паўстанне 1863-1864 гадоў у Вільні. Фота: Наша Ніва
Помнік пастаўлены ў гістарычным цэнтры, на тэрыторыі францішканскага кляштара, дзе за паўгода да пачатку паўстання адбыліся першыя рэлігійна-патрыятычныя антырасійскія маніфестацыі — таму месца выбрана зусім не выпадкова.
Скульптурная кампазіцыя пастаўлена перад касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
На шырокім круглым подыуме расстаўленыя бронзавыя постаці чатырох мужчын. Па левы бок стаіць манах-францішканец, бласлаўляючы з крыжам справу паўстання, па правы бок — самі паўстанцы, звернутыя да святыні.
У тварах злёгку ўгадваюцца постаці Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і Цітуса Далеўскага — быццам персаніфікацыі Беларусі, Літвы і Польшчы ў барацьбе супраць царскай улады.
Скульптуры паўстанцаў перад статуяй Дзевы Марыі. Фота: Наша Ніва
На пярэднім плане ўкленчаны Каліноўскі, а за яго спінай — Серакоўскі, абодва з паднятымі ў жэсце клятвы рукамі перад копіяй статуі Беззаганнай Дзевы Марыі, прысягаюць у вернасці Богу і Радзіме. Трохі паводдаль стаіць Далеўскі, трымаючы пры сабе руку так, быццам вось-вось далучыцца да сваіх паплечнікаў.
Скульптура манаха таксама не выпадковая, бо віленскія францішканцы падтрымалі паўстанне. За гэта пасля здушэння паўстання ўлетку 1864 года расійскія ўлады адпомсцілі ордэну — зачынілі кляштар, у карпусах якога стварылі турму, а касцёл перабудавалі пад архіў, знішчыўшы яго багатае ўбранне.
Усе трое паўстанцаў, Каліноўскі, Серакоўскі і Далеўскі, былі пакараныя смерцю і пасля таемна пахаваныя расійскімі ўладамі пад гарой Гедыміна. Пасля выпадковага выяўлення ў часе раскопак на гары парэшткаў паўстанцаў, яны былі ў 2019 годзе ўрачыста перапахаваныя ў капліцы на могілках Роса.
Напярэдадні адкрыцця парафіяне францішканскага кляштара парадкавалі сквер каля помніка. Фота: Наша Ніва
Помнік пастаўлены на сродкі Польскага нацыянальнага фонду, які быў створаны за часамі кіравання партыі «Закон і справядлівасць». У Літве Польскі нацыянальны фонд аказваў падтрымку сярод іншага рэстаўрацыі пафранцішканскага касцёла, які лічыцца «польскім сэрцам» Вільні.
Гэтая акалічнасць абурыла літоўцаў у сацсетак. Яны пабачылі ў дзейнасці польскай арганізацыі ў Вільні непажаданае ўварванне. Акрамя таго літоўцы крытыкуюць нізкі мастацкі ўзровень выканання скульптур.
Тым не менш гэта першы поўнафігурны помнік Кастусю Каліноўскаму ў Вільні.
Абвестка пра ўрачыстае адкрыццё помніка
Адкрыццё помніка адбудзецца ў пятніцу, 22 сакавіка. Аб 11 гадзіне дня помнік асвяцяць, пасля ў касцёле пройдзе імша. Францысканскі манастыр запрашае ўсіх на ўрачыстасць.
Чытайце таксама:
Як кароль Вялікабрытаніі Карл III звязаны з Беларуссю?
У пракат выйшаў польскі гістарычны баявік пра Тадэвуша Касцюшку