У Беларусі мяняецца закон аб рэкламе. Да чаго рыхтавацца блогерам і простым карыстальнікам сацсетак?
З 12 ліпеня ў Беларусі зменіцца рэкламнае заканадаўства. Новаўвядзенні закрануць блогераў і проста актыўных карыстальнікаў сацсетак. Выданне «Анлайнер» вывучыла змены і трактоўкі складаных выпадкаў разам з адвакатам, каб ведаць, да чаго рыхтавацца. Разбірацца ў тэме яму дапамагала Ірына Калугіна — адвакатка ў галіне дамоўнага, гаспадарчага, сямейнага права.
21.03.2024 / 19:32
Як усё ўладкавана цяпер?
У 2022 годзе ў Беларусі з'явіўся так званы рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў. Цяпер у ім павінны быць тыя, хто аказвае рэкламныя паслугі ў друкаваных СМІ, на радыё і тэлебачанні, а таксама ў інтэрнэце праз сеткавыя выданні.
Рэестр выглядае як табліца і размешчаны ў адкрытым доступе на сайце Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю — гэта ўладальнік рэестра, міністэрства фарміруе і вядзе яго.
Цяпер без уключэння ў рэестр можна даваць у інтэрнэце рэкламу, не звязаную з публікацыяй у сеткавых выданнях. Напрыклад, блогерка выкладвае сторыс са свежым манікюрам і ацэнкай салона прыгажосці — ёй не трэба быць у рэестры. А вось калі салон прыгажосці захоча купіць банеры на гарадскім партале, які зарэгістраваны як СМІ (або сеткавае выданне), то партал павінен быць у спісе.
У гэтым прыкладзе з манікюрам ёсць два невідавочныя нюансы закона.
1. Нельга рэкламаваць «шэрых» прадпрымальнікаў — гэта артыкул 10 закона «Аб рэкламе». То-бок калі дзейнасць чалавека падпадае пад азначэнне прадпрымальніцтва, ён павінен быць зарэгістраваны як ІП ці юрыдычная асоба.
Тое ж самае з дзейнасцю па ліцэнзіях і атэстатах. Напрыклад, ліцэнзуюцца медыцынскія паслугі, праца адвакатаў, аздараўленне дзяцей за мяжой. Па атэстатах працуюць, напрыклад, аўдытары.
Блогерам перад публікацыяй рэкламы трэба правяраць усе гэтыя дакументы. І брэнд-менеджарам, якія выбіраюць асобы брэндаў для рэкламы, таксама.
2. Усе людзі, якія трапілі ў сторыс з геапазнакай, павінны быць згодныя на публікацыю. Інакш парушаюцца іх канстытуцыйныя правы, і за гэта могуць нават прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Напрыклад, па артыкуле 203 КК Рэспублікі Беларусь («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных караюцца грамадскімі работамі або штрафам, або арыштам, або абмежаваннем/пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў»).
Гэты нюанс тычыцца не толькі рэкламы ў блогераў, але і звычайных пастоў.
Калі на сэлфі з рэстарана трапляе госць за суседнім столікам, то трэба ці пытацца ў яго згоду перад публікацыяй, ці рабіць фота, на якім яго нельга пазнаць.
Што змяняецца з 12 ліпеня 2024 года?
Набудуць моц змены ў закон «Аб рэкламе», апублікаваныя 11 студзеня 2024 года. Згодна з імі, трэба будзе ўносіць у рэестр інфармацыю пра ўсіх, хто размяшчае рэкламу ў любой форме з дапамогай любых сродкаў у інтэрнэце (нават калі яны не з'яўляюцца СМІ і не зарэгістраваныя як сеткавыя выданні).
Людзям, якія плануюць зарабляць на блогу, даючы рэкламу, трэба будзе зарэгістравацца ў рэестры. Дарэчы, некаторыя блогеры ў ім ужо ёсць. Напрыклад, Ксенія Івашка, у якой 127 тыс. падпісчыкаў у інстаграме, і Юлія Кабякова з 48,6 тыс. інстафолавераў.
Пры гэтым рэкламай з пункту гледжання заканадаўства могуць выглядаць і дзеянні, у якіх няма мэты нешта прадаць або зарабіць. Вось некалькі прыкладаў.
Сітуацыя 1: блог энтузіястаў
Дапусцім, сябры з Гродна вядуць у інстаграме невялікі блог на 3000 чалавек пра новыя месцы ў горадзе. Акаўнт створаны з любові да роднага горада, не манетызуецца, пра новыя ўстановы тут пішуць па жаданні — гэта не тыповыя адносіны «рэкламадавец — рэкламная пляцоўка». Ці трэба яму быць у рэестры?
«Можна сказаць дакладна, што да 12.07.2024 гэта было не трэба, а вось пасля рэгістрацыя патрабуецца, калі не з'явіцца новых тлумачэнняў па прымяненні гэтага закона», — расказвае Ірына Калугіна.
Сітуацыя 2: Мастак адзначае блогера ў сацсетках
Уявім, што пачатковец-мастак малюе папулярнага блогера і размяшчае гэты партрэт у сябе ў запісе з адзнакай блогера. Ці павінен мастак рэгістравацца ў рэестры?
«Калі зыходзіць з нормаў закона «Аб рэкламе», дзеянні мастака падпадаюць пад азначэнне «распаўсюд рэкламы». Зноў жа да 12 ліпеня 2024 года мастаку быць у рэестры не трэба, а з 12 ліпеня — неабходна», — тлумачыць экспертка.
Сітуацыя 3: калабарацыя брэндаў
Напрыклад, кампанія вырабляе прадукцыю і піша пра гэта на сваім сайце і ў сацсетках. Яны аб'ядналіся з іншай кампаніяй і выпусцілі сумесную калекцыю. Ці павінен тут хтосьці быць у рэестры?
Па словах Ірыны, для заканадаўства гэтыя дзеянні выглядаюць так:
- Апублікаваць артыкул пра сваю прадукцыю ў сябе на сайце = размясціць рэкламу ў інтэрнэце, кампанія лічыцца рэкламадаўцам.
- Апублікаваць у сябе на сайце артыкул пра прадукцыю іншай кампаніі = распаўсюдзіць рэкламу, кампанія лічыцца рэкламараспаўсюджвальнікам і ўжо ў гэтым выпадку павінна быць у рэестры з 12 ліпеня 2024 года.
А што будзе з таргетам і гівамі?
Адразу ўяўляецца сітуацыя: чалавек хоча разыграць кнігу сярод сваёй невялікай аўдыторыі, у асноўным якая складаецца з сяброў і знаёмых, папрасіўшы пра рэпост. Як на такое глядзіць закон?
Па словах Ірыны, тэрміна «гіў» у заканадаўстве няма. Але калі ўлічваць, што гіў прызначаны для прыцягнення ўвагі і росту падпісчыкаў, то па гэтых прыкметах яго можна аднесці да рэкламы.
Новую рэдакцыю закона МАРГ тлумачыць так:
«Уводзіцца забарона на аказанне паслуг па размяшчэнні рэкламы ў інтэрнэце юрасобамі і ІП, не ўключанымі ў рэестр».
Атрымліваецца, што пры адказе на пытанне «Ці трэба мне быць у рэестры?» спачатку неабходна зразумець:
- ці раблю я тое, што падпадае пад вызначэнне прадпрымальніцкай дзейнасці (рэкламаванне лічыцца такой);
- ці ёсць у мяне для такой дзейнасці ІП ці юрыдычная асоба.
Яшчэ адзін неадназначны інструмент сацсетак — таргетаваная рэклама. Згодна з абноўленым законам, той, хто яе запускае, павінен быць зарэгістраваны ў рэестры. Але бываюць і некамерцыйныя сітуацыі выкарыстання таргету.
Вось пара прыкладаў:
- Зоаваланцёр падбірае з вуліцы катоў і сабак. Каб хутчэй іх прыстройваць, запускае таргетаваную рэкламу. Грошай за валанцёрскую дзейнасць ён не атрымлівае, наадварот, укладвае свае — на корм, ветклінікі і запуск рэкламы.
- Хлопец сумуе па пакінуўшым Беларусь тындары і хоча запусціць таргет на свае фота, каб знаёміцца з дзяўчатамі.
Што тычыцца гэтых сітуацый, то цяпер няма адназначных адказаў, Ці можна будзе так рабіць пасля 12 ліпеня без рэгістрацыі ў рэестры? Закон пакуль не ўступіў у сілу, яшчэ не склалася правапрымяняльная практыка, на якую звычайна абапіраюцца адвакаты.
Тлумачэнняў ад МАРГ і Нацыянальнага цэнтра па абароне персанальных дадзеных пакуль не так шмат. Таму калі ў вас неадназначная сітуацыя, можна звярнуцца ў міністэрства з просьбай патлумачыць, як закон будзе глядзець на канкрэтны выпадак.
Чытайце таксама:
У Беларусі забароняць рэкламаваць працу і вучобу за мяжой
Дзяржаўнаму ТБ збіраюцца дапамагчы зарабіць — рэкламы стане больш, у тым ліку пра алкаголь