«Не можам гарантаваць бяспекі». У Вільні адмянілі сустрэчу з Уладзімірам Арловым
Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні паведаміў пра адмену сустрэчы ў Вільні з беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым. Паводле паведамлення, «сустрэчы не будзе з-за таго, што частка літоўскай супольнасці занепакоеная тым, што ў Вільню прыязджае «галоўны ідэолаг ліцвінізму».
21.03.2024 / 20:27
Пра адмену сустрэчы арганізатары задумаліся пасля таго, як літоўскі блогер Жыльвінас Світоюс зрабіў допіс у фэйсбуку, у якім назваў Арлова «галоўным ідэолагам ліцвінізіму». Пост атрымаў шмат увагі аднадумцаў Світоюс, пад ім з'явіліся каментары з пагрозамі, у выніку Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні прыйшоў да высновы, што «мы не можам гарантаваць ні бяспекі Арлова, ні нашай».
«Беларусам відавочна, што Арлоў не з'яўляецца ліцвіністам. Але хай гэта служыць нашай супольнасці папярэджаннем аб тым, што калі праблема камунікацыі між двух супольнасцяў нам выглядае выдуманай, вырванай з кантэксту, зманіпуляванай прарэжымнымі маніпуляцыямі — гэта не робіць яе менш сапраўднай для іншага боку», — пішуць у канале.
І канстатуюць:
«Гэты канфлікт будзе працягвацца. Беларуская супольнасць у Літве мусіць актыўна яго вырашаць, і першым крокам гэтага вырашэння абавязкова мусіць быць намаганне зразумець прэтэнзіі літоўцаў са шчырай спагадай і цікаўнасцю».
Напярэдадні сёлетняга Дня волі Уладзімір Арлоў робіць тур па краінах Балтыі і Фінляндыі. Падчас цыклу сустрэчаў з назвай «Насустрач Дню Волі» Уладзімір Арлоў расказвае пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама прадстаўляе свае кнігі «Імёны Свабоды», «Незалежнасць — гэта…», «Айчына» і іншыя папулярныя выданні, што пабачылі свет дзякуючы фонду Kamunikat.org. 20 і 21 сакавіка ён праводзіў сустрэчы ў літоўскіх Клайпедзе і Коўне, 22 сакавіка мусіла быць цяпер адмененая сустрэча ў Вільні, а 23, 24 і 25 сакавіка яго маюць вітаць адпаведна Рыга, Талін і Хельсінкі.
Чытайце таксама:
«Хачу зрабіць Пазняка персонай нон-грата» — літоўскі актывіст
У Літве абмяркоўваюць, ці не ўнесці паняцце «ліцвінізм» у Крымінальны кодэкс
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы не знайшоў груп ліцвіністаў, якія пагражаюць бяспецы краіне
Вынікі апошняга апытання паказалі, што літоўцы прыхільна ставяцца да беларусаў