«Выйшаў з лёгкім шкадаваннем». Беларусы расказалі, як прымалі новае грамадзянства і што рабілі са старым
Выданне Devby.io распытала беларусаў, якія атрымалі замежныя пашпарты, што яны зрабілі з беларускім грамадзянствам/пашпартам — і чаму?
21.03.2024 / 23:32
Прыляцела з Канады, каб «працягнуць» пашпарт
— З Беларусі я з’ехала яшчэ ў 2012 годзе. Доўга жыла ў Нарвегіі (атрымлівала другую вышэйшую адукацыю), да гэтага трохі пажыла ў Швецыі і Нідэрландах. Пазней пераехала ў Канаду і там атрымала канадскі пашпарт. Цяпер жыву ў ЗША, у Каліфорніі.
Беларускі пашпарт у мяне таксама застаўся, і я не збіраюся ад яго адмаўляцца. Там бацькі, бабулі, да якіх я хачу прыязджаць, калі захачу, без візы і заставацца на любы тэрмін. Без пашпарта трэба рабіць візу, але ў гэтым выпадку тэрмін знаходжання таксама будзе абмежаваны. Плюс прыйдзецца зрабіць шмат рухаў цела для атрымання візы.
Праўда, так выйшла, што летась тэрмін дзеяння беларускага пашпарта скончыўся. Усе, каго я ведаю ў Канадзе і ЗША, звычайна прылятаюць мяняць пашпарт за 6 месяцаў да заканчэння тэрміну. Але ў мяне была вялікая загружанасць на працы, і я не магла загадзя сарвацца спецыяльна для замены пашпарта.
Апошні раз я была ў Беларусі праездам у 2018 годзе, так што ніякага дачынення да падзей апошніх гадоў не мела. Сёлета ў мяне з’явілася магчымасць прабавіць час з роднымі і заадно абнавіць дакумент. Начытаўшыся ўсіх гэтых жахаў з затрыманнямі [на мяжы] і ўсім астатнім, вырашыла: «ды ну нафіг гэтыя праблемы» — лепш зрабіць усё, як таго патрабуе беларускае заканадаўства. Гэта затратней, чым проста «ай, паеду і на месцы разбяруся». Але мне не хацелася пасля больш як 18 гадзін у паветры вырашаць нейкія пытанні на мяжы.
Перш за ўсё трэба было ў ЗША аформіць пасведчанне на вяртанне (з прычыны заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта) і зарэгістраваць другое грамадзянства.
Пасведчанне на вяртанне выдаецца, у прыватнасці, грамадзянам Беларусі ў выпадку страты (крадзяжу) пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або заканчэння тэрміну яго дзеяння падчас іх знаходжання па-за межамі Беларусі. Пасведчанне на вяртанне выдаецца для аднаразовага ўезду на тэрыторыю Беларусі.
Аформіць пасведчанне на вяртанне можна было толькі ў беларускім консульстве — яно ў Вашынгтоне. Таму па дакумент давялося ляцець у іншы штат.
Дарога туды-назад у Вашынгтон абышлася мне ў 2 тысячы долараў, яшчэ 25 долараў давялося заплаціць за само пасведчанне. У консульстве сказалі, што дакумент дададзены ў базу і на мяжы не мае ўзнікнуць пытанняў. Там жа запоўніла анкету пра тое, дзе жыву, кім працую і колькі зарабляю.
Фактычна з перасячэннем мяжы ніякіх праблем не было.
Атрымаў новы пашпарт, не пакідаючы Беларусі (і цяпер не патрэбныя візы ў ЕС)
— Я жыву ў Беларусі. Летась атрымаў пашпарт адной з краін, якая дае магчымасць бязвізавага ўезду на тэрыторыю ЕС.
Новы пашпарт атрымаў, не пакідаючы Беларусі, праз амбасаду новай краіны. Зрабіў гэта на будучыню, для «бязвізу». І, хутчэй за ўсё, калі давядзецца рэзка пакінуць Беларусь, то паеду ў гэтую краіну. Беларускі пашпарт у мяне застаўся. Для атрымання пашпарта грамадзяніна новай краіны адмаўляцца ад беларускага грамадзянства было не абавязкова.
Для атрымання пашпарта мне спатрэбілася падаць даведку пра несудзімасць і дакументы, якія даюць падставы / пацвярджаюць права атрымаць пашпарт. У маім выпадку асноўным такім дакументам было пасведчанне аб нараджэнні аднаго з бацькоў.
Ад ідэі да атрымання пашпарта іншай краіны на рукі прайшло менш за год. У тэорыі можна было атрымаць яшчэ хутчэй, калі б, напрыклад, я асабіста наведаў гэтую краіну. Праз амбасаду працэдура была расцягнутая.
Я не адразу паведаміў МУС, што атрымаў пашпарт іншай краіны. Быў час падумаць, ці рабіць гэта, ці не. У выніку вырашыў паведаміць праз партал электронных паслуг, запоўніўшы спецыяльную форму. Зрабіў гэта, бо атрымаць візу па беларускім пашпарце вельмі праблематычна, а новы пашпарт стаў практычна адзінай магчымасцю выехаць за мяжу, не пераплачваючы велізарныя грошы за круг праз Турцыю або краіны Паўднёвага Каўказа.
Фота: Unsplash
Хацеў «надзейна прыкрыць свае дасягненні і маёмасць» у Нідэрландах
— У Нідэрланды я пераехаў яшчэ ў 2012 годзе па працы, атрымаўшы кантракт у мясцовай кампаніі. Пашпарт Нідэрландаў запытаў пасля жніўня 2020-га. Наогул гэта не было вострай неабходнасцю — больш жаданне надзейна прыкрыць свае дасягненні і маёмасць у Нідэрландах, пазбегнуўшы любой рызыкі дэпартацыі як грамадзяніна Беларусі.
Атрымаў пашпарт у 2022 годзе. Цяпер знаходжуся ў працэсе адмовы ад беларускага грамадзянства: гэта патрабаванне іміграцыйных уладаў Нідэрландаў.
Для адмовы ад беларускага грамадзянства трэба было звярнуцца ў пасольства і падаць заяву аб афармленні пастаяннага месца жыхарства па-за межамі Беларусі.
Запісацца на прыём у беларускую амбасаду ў Нідэрландах няпроста. Для гэтага трэба тэлефанаваць у апошні панядзелак месяца ад 14:00 да 16:00, шанец датэлефанавацца вельмі малы: альбо пастаянна «занята», альбо трубку не здымаюць. Пасля 15:00 трубку могуць браць, але месцаў ужо няма. Праз месяц даводзіцца паўтараць.
У выніку, каб запісацца на прыём, мне прыйшлося дазвоньвацца 5 месяцаў запар.
Пасля таго як заяву задаволяць, трэба стаць на консульскі ўлік. І адначасова з гэтым можна падаць заяву на пазбаўленне грамадзянства на імя прэзідэнта Беларусі, што маральна няпроста.
Разгляд заявы займае каля года. Затым, відаць, трэба будзе прывезці пашпарт у амбасаду Беларусі ў Нідэрландах.
Пакуль для адмовы ад грамадзянства няма неабходнасці прыязджаць у Беларусь. Калі нешта зменіцца, прыйдзецца судзіцца з IND (іміграцыйны орган Нідэрландаў), даказваць, што паездка небяспечная. Бо яны пагражаюць пазбавіць нідэрландскага грамадзянства за тое, што не адмовіўся ад беларускага.
Пражыў у Германіі 15 гадоў, але па пашпарт пайшоў толькі пасля 2020-га
— З Беларусі ў Германію я з’ехаў яшчэ ў 2005 годзе ў пошуках працы. Пазней атрымаў ПМЖ. Гэта дало магчымасць спакойна працаваць і жыць без абмежаванняў у Германіі. Усё ўключана, акрамя права голасу і магчымасці з’ехаць на ПМЖ у іншую краіну.
Я мог даўно вырашыць пытанне з атрыманнем нямецкага пашпарта, але не хацеў, бо ў гэтым выпадку трэба было адмовіцца ад беларускага пашпарта. А адмаўляцца не збіраўся, былі спадзевы, што ў краіне, можа быць, нешта зменіцца да лепшага.
У студзені 2024-га Германія дазволіла мець грамадзянства іншых краін пры атрыманні нямецкага пашпарта.
Апошні раз я быў у Беларусі ў студзені 2020-га. Ужо пры канцы 2020-га я ўсё ж такі запытаў нямецкі пашпарт, а потым запусціў працэдуру адмовы ад беларускага грамадзянства.
Працэдура:
- Пастаноўка на консульскі ўлік — дзень.
- Пацвярджэнне афіцыйнага статусу пражывання за мяжой і ПМЖ.
- Атрыманне ад немцаў пацвярджэння прыёму ў грамадзянства — год.
- Падача дакументаў на выхад з беларускага грамадзянства і чаканне выхаду — амаль год.
- Пацвярджэнне выхаду з беларускага грамадзянства і перадача інфармацыі немцам.
- Чаканне атрымання нямецкага пашпарта.
На ўсе працэдуры выдаткаваў больш за 2 тысячы еўра, уключаючы паслугі перакладчыка, натарыусаў. Беларусь прызнае толькі сваіх перакладчыкаў, немцы — сваіх, некаторыя дакументы давялося перакладаць двойчы.
У выніку з беларускага грамадзянства я выйшаў у 2022-м (з лёгкім шкадаваннем), а нямецкі пашпарт атрымаў у 2023-м.
Чытайце таксама:
Беларусам з пратэрмінаванымі пашпартамі за мяжой чыноўнікі пагражаюць штрафамі. Ці варта баяцца?
Не Цімафей, а Ціматэюш. Беларус хоча змяніць імя для зручнасці замежнікаў