Праз дзень пасля заявы камітэта ААН пра Паліну Шарэнду-Панасюк на БТ паказалі палітзняволеную
Жанчыне стартава прысудзілі два гады зняволення, але двойчы дадавалі тэрмін за «непадпарадкаванне» адміністрацыі калоніі.
22.03.2024 / 15:36
Паліна Шарэнда-Панасюк у калоніі ў Рэчыцы. Скрын відэа БТ
Сюжэт на БТ з'явіўся праз дзень пасля таго, як на сесіі Савета па правах чалавека ААН прадставілі даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб сітуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі пасля выбараў. Днямі таксама Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах жанчын заклікаў Беларусь тэрмінова прыняць часовыя меры для абароны палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Гэта першы падобны выпадак па справах супраць Беларусі.
Прапагандыстка БТ Анастасія Бенедзісюк прыехала да Шарэнды-Панасюк у рэчыцкую калонію. Туды палітзняволеную адправілі па артыкуле 411 — «злоснае парушэнне патрабаванняў адміністрацыі».
На адзенні Паліны — жоўтая бірка, якую даюць усім, хто асуджаны па пратэсных артыкулах.
Паліна Шарэнда-Панасюк у калоніі ў Рэчыцы. Скрын відэа БТ
У сакавіку 2024 года муж Паліны Андрэй распавёў карэспандэнту «Медыязоны» пра ціск на Паліну: «Паліна прабыла ў атрадзе пасля каранціну прыкладна 2-3 тыдні. У канцы студзеня-пачатку лютага яе кінулі ў ШІЗА. У атрадзе яна з'явілася толькі ў самым канцы лютага, выглядала вельмі бледнай і схуднелай. Увесь гэты час Паліна была ў ШІЗА, верагодна 20 сутак. У пачатку сакавіка Паліна зноў знікла з атрада, але куды дакладна — невядома».
Паліна Шарэнда-Панасюк — актывістка з Брэста. У чэрвені 2021 года ёй прысудзілі два гады па артыкулах 364, 368, 369 КК (пагроза гвалту прадстаўніку сілавых органаў, абраза прадстаўніка ўлады і абраза Лукашэнкі). За кратамі на яе аказваўся ціск. У красавіку 2022-га ёй дадалі год зняволення па артыкуле 411. Чарговы год дадалі па тым жа артыкуле ў кастрычніку 2023 года.
Тэрмін зняволення Шарэнды-Панасюк сканчаецца ў кастрычніку 2024.
Яе муж з дзецьмі выехалі за мяжу.
Чытайце таксама:
Паліну Шарэнду-Панасюк у лютым змяшчалі ў ШІЗА
«Гэта першы званочак». Да Паліны Шарэнды-Панасюк не пусцілі адваката
«Як сапраўдны цуд на Каляды». Сям’я атрымала паштоўку ад Паліны Шарэнды-Панасюк