Выдавецтва «Янушкевіч» падрыхтавала ілюстраванае навуковае даследаванне пра нацыянальны сцяг
Нацыянальны сцяг мае багатую, драматычную, часам складаную, але і вельмі цікавую гісторыю, — мяркуюць аўтары грунтоўнага выдання, якое літаральна на днях з’явіцца ў выдавецтве «Янушкевіч», паведамляе Reform.by.
25.03.2024 / 09:35
Недастатковая вывучанасць праблемы, як і немагчымасць сёння весці навуковыя дыскусіі па гэтай тэме, дазволілі ўладам распачаць шырокую кампанію па дыскрэдытацыі бел-чырвона-белага сцяга. Пры гэтым апаненты нацыянальнай сімволікі з ліку некалькіх прафесійных гісторыкаў нават не ставілі задачы навуковага вывучэння і аб’ектыўнага асэнсавання яе гісторыі.
Праблема ўскладнілася тым, што з падачы ўладаў Рэспублікі Беларусь тэма сімволікі цалкам перацякла ў палітычную плашчыню і была крыміналізавана. Пераследуюцца нават тыя, хто выкарыстоўвае само спалучэнне нацыянальных бела-чырвона-белых колераў.
Кніга «Бел-чырвона-белы. Сцяг-нацыя-ідэнтычнасць» не закрывае ўсе праблемы, звязаныя з гісторыяй бел-чырвона-белага сцяга, — тлумачаць аўтары выдання, — але яна заклікана пакласці першы камень у пачатак далейшых навуковых даследаванняў гэтай актуальнай і жыццёва важнай для Беларусі тэмы.
Выданне пачынаецца з аналізу вытокаў і сімвалізму бел-чырвоных колераў у беларускай вексікалогіі, працягваецца гістарычным аглядам — штандарамі паўстанцаў 1863-1864 гадоў; біяграфіяй Дуж-Душэўскага; перыядам Заходняй Беларусі; аналізам нямецкіх дакументаў, якія тычыцца нацыянальнай сімволікі ў Другую сусветную вайну; ужываннем сцяга на эміграцыі і ў перыяд новай хвалі беларускага адраджэння (канца 1980-х — пачатку 1990-х).
Людзі, якія адстойваюць сцяг у найцяжэйшых умовах, з поўным правам могуць лічыцца нацыянальнымі героямі. Адным з іх бясспрэчна з’яўляўся гісторык Уладзімір Ляхоўскі (1964—2021), які не толькі дасканала, на аснове архіўных крыніц, ведаў гісторыю сцяга, але і не баяўся дзяліцца гэтымі ведамі з грамадствам. Працуючы ў архівах розных краін, ён сабраў неацэнны дакументальны матэрыял па нацыянальнай сімволіцы і да канца свайго жыцця імкнуўся напісаць працу пра сцяг, але не паспеў… Разам з тым гісторык Ляхоўскі пакінуў вялікую навуковую спадчыну, без якой стварэнне гэтага выдання было б немагчымым. Заключная глава выдання ўяўляе сабой апошняе інтэрв’ю з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім.
Аўтары спадзяюцца, што кніга зацікавіць сумленных даследчыкаў гісторыі Беларусі ХХ—ХХІ стагоддзя і заахвоціць іх да далейшых архіўных росшукаў, напісання тэкстаў і зацікаўленага абмеркавання.
Выданне «Бел-чырвона-белы. Сцяг-нацыя-ідэнтычнасць» мае 312 старонак, цвёрдую вокладку, фармат 170×240 мм.
Чытайце таксама:
Сёння — Дзень Волі. 106 гадоў таму беларусы ўпершыню абвясцілі незалежнасць
Апошняе адкрыццё гісторыка Ляхоўскага: Дзень Волі ў савецкім Менску 1920-х