Кітай абвінавацілі ў маштабным узломе, «які закрануў мільёны людзей». Што вядома?

Амерыканскія і брытанскія чыноўнікі афіцыйна абвінавацілі спецслужбы Кітая ў маштабнай шпіёнскай кампаніі супраць «крытыкаў Пекіна», якая магла закрануць шматлікія арганізацыі, а таксама афіцыйных асоб, навукоўцаў, журналістаў, дысідэнтаў і іншых людзей па ўсім свеце. Пад удар маглі трапіць мільёны.

25.03.2024 / 21:46

Ілюстрацыйная выява. Фота: pixabay

Па інфармацыі чыноўнікаў ЗША і Вялікабрытаніі, у свеце адбылася масавая хакерская атака на «крытыкаў кітайскага рэжыму», у ліку якіх апынуліся заканадаўцы, навукоўцы, журналісты, грамадскія дзеячы, абаронныя і камерцыйныя кампаніі, а таксама розныя базы даных па ўсім свеце, перадае агенцтва Reuters.

У маштабнай кібершпіёнскай кампаніі абвінавацілі кітайскую хакерскую групоўку «APT31», якую амерыканскія чыноўнікі назвалі «адным з падраздзяленняў Міністэрства дзяржбяспекі Кітая».

Толькі ў ЗША, паводле афіцыйнага абвінавачвання, узлом прывёў да фактычнай ці патэнцыйнай кампраметацыі працоўных рахункаў, асабістых электронных лістоў, анлайн-сховішчаў і запісаў тэлефонных званкоў, якія належалі мільёнам амерыканцаў.

«Мэтай глабальнай хакерскай аперацыі было падаўленне крытыкаў кітайскага рэжыму, а таксама скампраметаванне дзяржаўных устаноў і крадзеж камерцыйнай таямніцы», — заявіла ў панядзелак намесніца генеральнага пракурора ЗША Ліза Манака.

З падобнымі абвінавачваннямі выступіла і Вялікабрытанія, заявіўшы, што пад удар кітайскіх хакераў трапілі брытанскія парламентарыі і іх электронная пошта.

Кітай, у сваю чаргу, назваў абвінавачанні супраць сябе «сфабрыкаваным і зламысным паклёпам».

Чытайце таксама:

У Кітаі расце разрыў паміж словамі і рэальнасцю

Кампанія-ўладальнік TikTok грае ключавую ролю ў вайскова-прамысловай сферы Кітая — справаздача

«Дзеці ў школе спяць проста на партах» — экс-радыёвядучая Таццяна Сулімава расказала пра жыццё ў Кітаі

Nashaniva.com