«У Беларусі рамантуюць масты да Літвы, якія не выкарыстоўваюцца ў гаспадарчых мэтах». Сахашчык патлумачыў свае алармісцкія заявы
Днямі прадстаўнік АПК па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык заявіў, што Расія і Беларусь рыхтуюць планы выкарыстання тактычнай ядзернай зброі і «бліцкрыгу на Вільню». На чым грунтуюцца ягоныя словы, спыталі ў эфіры «Обычного утра».
27.03.2024 / 13:53
Сахашчык гаворыць, што яго словы грунтуюцца як на фактах, так і на аналітычных высновах.
— Калі адштурхоўвацца ад фактараў, якія я маю, у гэты момант у Расіі праводзяцца вучэнні па дэзактывацыі мясцовасці, пераадоленні ўчасткаў заражэння, ідзе аснашчэнне войскаў радыяцыйнай, хімічнай, біялагічнай абароны, якія былі ў загоне некалькі дзесяцігоддзяў, пастаўлена задача расійскім навукоўцам распрацоўваць больш эфектыўныя сродкі для абеззаражання і дэзактывацыі мясцовасці.
З гэтага я раблю выснову, што ў планах у расейцаў ёсць прымяненне тактычнай ядзернай зброі.
Сахашчык мяркуе, што ядзерная зброя можа быць ужыта супраць Украіны ці Літвы. Альбо і там, і там.
На Польшчу, думае Сахашчык, расіяне пабаяцца пайсці. А Літва, кажа ён, краіна маленькая. Пуцін, магчыма, разлічвае, што НАТА не заступіцца за яе.
На пытанне, навошта гэта Крамлю, Сахашчык адказаў:
— Вайскоўцы, спецыялісты высокага ўзроўню, таксама праводзяць працу над памылкамі. Расія вучыцца на гэтай вайне і, ацаніўшы страты за Бахмут або Аўдзееўку, прыйшлі да высновы, што захапіць участак тэрыторыі, дзе раней быў горад, а ў сапраўдны момант — могілкі, дзе яшчэ шмат гадоў трэба ўсё гэта разбіраць, размініраваць коштам некалькіх дзясяткаў тысяч жыццяў — нібыта як немэтазгодна. Плюс на гэта ў сярэднім траціцца год.
А калі ўжыць ядзерны боепрыпас, то гэта будзе хутка і амаль без страт, і размініраваць не прыйдзецца. А мірных жыхароў і так, і так не застаецца. У Марʼінцы, Аўдзееўцы, Бахмуте — хто не зʼехаў, загінуў, — кажа ён.
Са слоў Сахашчыка, у яго ёсць розная колькасць інфармацыі, частка з якой — «неабвержныя факты», а частка — супастаўленая інфармацыя. Напрыклад, кажа ён, цяпер ідзе рамонт мастоў у Беларусі на дарогах у кірунку да Літвы.
— У тым ліку мастоў, якія не выкарыстоўваюцца для гаспадарчай дзейнасці. І, у прынцыпе, акрамя як для руху вайсковых калон выкарыстоўвацца і не могуць.
Сахашчык гаворыць, што гучна падымае гэтыя пытанні (нягледзячы на тое, што можа памыліцца, і рады будзе памыліцца), каб і вайскоўцы, і беларуская грамадскасць праявілі сваю пазіцыю — ва ўсіх ёсць семʼі.
На заўвагу, што Лукашэнка назваў заявы Сахашчыка поўнай дурасцю, той адказаў, што ён не ўпэўнены, што Лукашэнка ўсё ведае і на ўсё ў краіне цяпер можа ўплываць. «З субʼектнасцю ў кіраўніцтва Беларусі ёсць пытанні ў апошні час», — кажа Сахашчык.
Чытайце таксама:
Памеранскі шпіц Умка заслухаў, як беларускія генералы збіраюцца супрацьстаяць Захаду ФОТА
«Будзем збіваць» — Хрэнін аб парушэнні паветранай прасторы Беларусі