Выйшаў серыял «Задача трох целаў» па творах найвядомейшага фантаста сучаснасці. Што ў ім?

Як палітычныя рэпрэсіі ў асобна ўзятай краіне могуць паставіць на край гібелі ўсю чалавечую цывілізацыю? «Наша Ніва» разабралася, за што навукоўцы абажаюць Лю Цысіня, ці ўдалося перанесці магію ягоных твораў на экран і якая роля ў серыяле ад Netflix дасталася беларускаму акцёру.

31.03.2024 / 14:38

Аватара ў таямнічай гульні, якая распавядае пра свет з трыма зоркамі. Кадр з серыяла

Серыял па першай частцы трылогіі «Успаміны пра мінулае Зямлі» кітайскага пісьменніка Лю Цысіня выйшаў 21 сакавіка на стрымінгавай платформе Netflix і адразу трапіў у топ праглядаў. 

Ягоная назва ўзятая ад першай кнігі трылогіі. Па праўдзе, большасць фанатаў успрымаюць «Задачу трох целаў» як назву ўсёй трылогіі.

Першая кніга выйшла ў 2006 годзе, скарыўшы аматараў фантастыкі па ўсім свеце і асабліва спецыялістаў у дакладных навуках. У 2015 годзе Лю Цысінь атрымаў за яе прэмію «Х’юга», найпрэстыжную ўзнагароду ў галіне навуковай фантастыкі. 

Вядома, кінематограф не мог прайсці міма такой шалёнай папулярнасці. Летась выйшла кітайская серыяльная адаптацыя, а цяпер і амерыканская. Усе, хто чытаў «Задачу трох целаў», нецерпяліва чакалі гэтай падзеі. 

Важна адзначыць, што раман стаў сапраўдным феноменам не толькі таму, што ўздымаў актуальныя касмалагічныя і цывілізацыйныя праблемы, з якімі чалавецтва можа вось-вось сутыкнуцца, але і таму, што ўпершыню кітайская фантастыка вельмі гучна заявіла пра сябе.

Яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму ўявіць, што па ўсім свеце будуць у захапленні чытаць кнігу, якая распавядае пра Кітай і кітайцаў з незапамінальнымі для жыхароў краін Захаду імёнамі, было надзвычай цяжка.

Расправа студэнтаў-хунвэйбінаў над сваім прафесарам, які не адмовіўся ад «заходняй» навукі. Кадр з серыяла

Серыял, як і кніга, распачынаецца сцэнай, якую ты ў апошнюю чаргу чакаеш пабачыць у навуковай фантастыцы — крывавай расправай студэнтаў-хунвэйбінаў у час Культурнай рэвалюцыі над сваімі прафесарамі.

Выкладчыкаў вінавацяць у тым, што яны выкладаюць заходнюю, контррэвалюцыйную навуку. У ганебным каўпаку бацьку Е Вэньцзэ прымушаюць пакаяцца і адмовіцца ад сваіх поглядаў, але той не можа здрадзіць фундаментальным законам фізікі на карысць камуністычнай ідэалогіі. 

Ашалелая ад нечаканага супраціву прафесара моладзь, распаленая таталітарнай ідэалогіяй, на месцы забівае свайго выкладчыка да смерці спражкамі рэмняў. Напэўна, гэта найбольш моцная частка ва ўсёй трылогіі, якая нават трохі агаломшвае сваёй нечаканасцю і брутальнасцю. 

Е Вэньцзэ ў працоўным лагеры. На фоне антэна базы «Чырвоны бераг», якая зменіць лёс і яе, і чалавецтва. Кадр з серыяла

Е Вэньцзэ, якая на сваіх вачах бачыла жудасную расправу над бацькам, трапляе ў працоўны лагер. Тут замест сваёй астрафізікі яна мусіць штодзень валіць старажытны лес. Тут жа яна сустракае тых, хто яшчэ нядаўна распраўляўся над яе бацькам — рэвалюцыя не шкадуе сваіх дзяцей.

Е Вэньцзэ разумее, што гэтыя, паламаныя маральна і фізічна людзі, засталіся поўныя злосці, крыўды і ні ў чым не раскаяліся. Цяпер яна перакананая, што чалавецтва не можа вырашыць свае праблемы само. Гэтае адкрыццё прадвызначыць лёс Зямлі. 

Е Вэньцзэ на базе «Чырвоны бераг». Кадр з серыяла

У цяжкіх умовах непасільнай працы і пастаянных падкопаў пад яе, як да ворага народа, яна ўрэшце атрымлівае шанец выратавацца — ёй прапануюць працу на звышсакрэтным комплексе «Чырвоны бераг», на якую яна згаджаецца. Як выявілася, кітайцы хочуць першымі звязацца з іншапланетнымі цывілізацыямі, каб атрымаць перавагу ў геапалітычнай барацьбе. Але ўсё пойдзе не так, як яны задумвалі.

Нам паказваюць, што ўжо ў наш час па ўсім свеце перастаюць працаваць законы фізікі, фундаментальныя даследаванні паказваюць абсурдныя вынікі, а навукоўцы, якія знаходзіліся на пярэднім краі навукі, канчаюць жыццё самагубствам. За расследаванне смерцяў бярэцца Клэрэнс Сі (Бендэкт Вонг).

Кіраўнік спецслужбы Томас Уэйд (Ліям Канінгем) і дэтэктыў Клэрэнс Сі (Бендэкт Вонг) спрабуюць вылічыць, хто пагражае ўсёй Зямлі. Кадр з серыяла

І тут, у серыяльнай сучаснасці, палягае галоўнае адрозненне ад кнігі. Амерыканская адаптацыя еўрапеізуе літаратурны твор. Замест Кітая дзеянне пераносіцца ў Лондан, а персанажы-кітайцы збольшага становяцца прадстаўнікамі іншых этнасаў — еўрапейцамі, цёмнаскурымі, лацінасамі.

Раман пры ўсёй сваёй глабальнасці задумы па сутнасці ёсць камерным дэтэктывам з двума галоўнымі героямі, у серыяле ж герояў у разы больш. Вядома, такі падыход выкліканы жаданнем гледачоў на захадзе бачыць саміх сябе на экране, і мусіць прынесці больш прыбытку. 

Галоўныя героі серыяла, якія сабраліся пасля самагубства адной з сябровак. Кадр з серыяла

Група маладых людзей, большасць з якіх з’яўляюцца навукоўцамі, пасля смерці адной з сябровак, паступова ўцягваецца ў вырашэнне загадкі таго, хто спрабуе спыніць развіццё навукі на Зямлі. На сваім шляху яны сутыкаюцца са звышнатуральнымі сіламі і смяротнай небяспекай.

Адна з дзіўных рэчаў на гэтым шляху — надзвычай рэалістычная відэагульня, у якую перад смерцю гуляла іх сяброўка. У гульнявым свеце, які паказаны праз прызму чалавечай гісторыі, прапануецца вырашыць праблему іншаземнай цывілізацыі, якая раз за разам гіне ў непрадказальныя «эры хаосу» — праблему трох целаў.

Гульня паказвае гульцам, што ўсе спробы жыхароў таямнічага свету прадказаць «эры хаосу» канчаюцца катастрофай, якая знішчае цывілізацыю. Кадр з серыяла

Даказана, што задача трох целаў не мае матэматычнага вырашэння — дзіўны свет прысуджаны раз за разам гінуць. 

Узровень за ўзроўнем гульня раскрывае сапраўдныя матывы тых, хто стаіць за ёй і дзіўныя падзеі па ўсёй Зямлі. 

Невырашальная задача трох целаў ператвараецца ў не менш складаную задачу выратавання чалавецтва. Ці зможа тэхналагічна адсталая цывілізацыя супрацьстаяць выклікам з бязмежнага космасу?

Адказы на гэтыя пытанні будуць у наступных сезонах серыяла, але канцоўка выходзіць за рамкі рамана, звязваючы сюжэт з наступнымі часткамі трылогіі.

Аватара тлумачыць гульцам, што яны мусілі на кожным узроўні даведацца пра таямнічы свет Трысалярыса. Кадр з серыяла

Шматлікія героі, якіх не было ў арыгінальным рамане, гэта зусім не пустышкі, уведзеныя дзеля ажыўлення сюжэту. Адным персанажам змянілі нацыянальнасць, іншым іхнія кітайскія імёны, толькі каб заблытаць фанатаў літаратурнай першакрыніцы і да часу не раскрыць таямніцу — кім насамрэч з’яўляюцца гэтыя героі. Можна сказаць адно: у кнігах такіх перапляценняў лёсаў нават блізка не было!

Насамрэч нішто ў серыяле не выпадковае — ні недарэчны анекдот, ні акварыумная рыбка, ні нават кніжка чароўных казак — глядзіце ўважліва! Усе гэтыя «дробязі» праявяць сябе з нечаканага боку.

Беларускі акцёр Міця Савелаў у ролі рускага доктара. Кадр з серыяла

Уважліва глядзець варта яшчэ і таму, што ў сёмай серыі серыяла эпізадычную ролю сыграў беларускі акцёр Міця Савелаў. У вобразе доктара Пітэра Дэміхава ён дэманструе галоўным героям эфект гібернацыі на паддоследнай малпе. 

Калі апісанае вышэй гучыць як творчы поспех тых, хто экранізаваў першы раман трылогіі Лю Цысіня, то не спяшайцеся з высновамі. 

Па-першае, варта адзначыць, што гэтая экранізацыя знішчыла толькі культурны феномен, якім была кніга. Добрай навуковай фантастыкі шмат, але добрая кітайская фантастыка — пакуль усяго адна. І яе «еўрапеізацыя» дзеля камерцыялізацыі выглядае злачыннай.

Доктарка Аўгусціна Салазар з мадэльнай еўрапейскай знешнасцю выяўляе глыбокую зацікаўленасць шлемам для гульні. Кадр з серыяла

Па-другое, вестэрнізацыя закранула таксама і візуальны складнік — ён занадта «галівудскі», занадта гладкі, прыхарошаны, выглядае як тыповы серыял Netflix…

Па-трэцяе, увядзенне вялікай колькасці амаль раўназначных персанажаў заўсёды пагражае тым, што па выніку ні адзін з іх не будзе дастаткова добра прапрацаваны і раскрыты. Мітусня ў «Задачы трох целаў», прыпраўленая навуковымі тэорыямі і загадкамі, ужо ў сярэдзіне серыяла пачынае моцна стамляць.

Канцэнтруючыся толькі на важных для сюжэту героях, раптам выяўляеш, што той левы чувак, які тусаваўся на фоне — яшчэ больш важны персанаж… 

Адчуванне, што «Задача трох целаў» замахнулася на славу касмічнай «Гульні тронаў». Джордж Марцін таксама не шкадаваў часу, уводзячы сотні і тысячы персанажаў, назваў, тытулаў і гербаў, якія прымушалі пасля вяртацца назад, каб прыгадаць тое, на што ў першы раз не звярнулі ўвагі. Але тут не спрацавала. 

Джонатан Прайс іграе загадкавага мільярдэра Майка Эванса, вакол якога гуртуецца культ. Кадр з серыяла

Параўнанне з «Гульнёй тронаў» зусім невыпадковае. У серыяла выдатныя шоуранеры, гэта стваральнікі «Гульні тронаў» Дэн Уайс і Дэвід Беніяф.

Відаць, праз гэта «Задача трох целаў» нагадвае пансіянат для акцёраў з серыяла па творах Марціна. На экране мы бачым сіра Даваса Сіварта (Ліям Канінгем), Сэмвела Тарлі (Джон Брэдлі) і Яго Верабейства (Джонатан Прайс). Дарэчы апошні не далёка пайшоў ад свайго звыклага кінавобраза мудрага лідара рэлігійнага культу — такім ён быў у «Гульні тронаў», такім быў у «Двух Папах», і вось цяпер ізноў. 

Гэта не ўсё, што звязвае два серыялы. Музыку да «Задачы трох целаў» напісаў той жа Рамін Джавадзі, але гэтым разам праца яго, мякка кажучы, пасрэдная. 

Некаторыя другарадныя персанажы зусім не такія простыя, як спачатку падаецца. Кадр з серыяла

Галоўная тэма нават блізка не ўражвае так, як тэма «Гульні тронаў», хутчэй нагадвае перапрацоўку нейкіх чарнавікоў да «Свету дзікага Захаду», для якога кампазітар таксама напісаў музыку. Па-за ўступнай застаўкай праца Джавадзі абсалютна незаўважная, уся ягоная музыка нагадвае эмбіентныя гукі, якіх магло і не быць. 

У «Гульні тронаў» музыка прабірала да дрыжыкаў, яна апярэджвала важныя сюжэтныя моманты, у «Свеце дзікага Захаду» ўдала раскрывала характары персанажаў і падтрымлівала атмасферу эклектычнасці сучаснасці і лямпавай амерыканскай мінуўшчыны. 

Багацей Джэк Руні (Джон Брэдлі) і астрафізік Цзінь Чэн (Джэс Хонг) першымі знаёмяцца з гульнёй. Для кожнага з іх ствараецца свой свет. Кадр з серыяла

Што магло быць у музыцы да «Задачы трох целаў»? Магла быць неўраўнаважанасць, як у нестабільнай сістэме трох сонцаў, магла быць вастрыня, адрозныя зямныя і іншаземныя тэмы — але нічога гэтага няма да вялікага расчаравання. 

За што ж любіць гэтую гісторыю? Навукоўцам па ўсім свеце яна падабаецца зусім не сваёй навуковай дакладнасцю: такой нестабільнай сонечнай сістэмы не можа існаваць, а наша Сонца не мае ніякай мембраны, якая б магла ўзмацняць сігналы, што дасылаюцца ў космас — але дакладнасць гэта і не задача, як ні парадаксальна, навуковай фантастыкі. І навукоўцы любяць яе не за гэта. 

Як любая добрая фантастыка, яна прамацвае невядомасць, у якую скіравана чалавецтва, закранае навуковыя, культурныя і этычныя пытанні, звязаныя з прагрэсам. «Задача трох целаў» цалкам космапесімістычны твор і ён добра адлюстроўвае перакананні, якія сёння пануюць сярод навукоўцаў. 

Як можна прымусіць навукоўцаў па ўсім свеце бачыць зваротны адлік, а зоры на небе мігцець марзянкай? Высокаразвітыя тэхналогіі неадрозныя ад магіі. Кадр з серыяла

Мы адкрылі ўсе фундаментальныя законы фізікі, дабраліся да самых асноў сусвету, белых плямаў засталося зусім няшмат. Мы сутыкнуліся з мяжой сваіх магчымасцей, за якую без нейкага магутнага тэхналагічнага рыўка мы ніколі не вырвемся. На сёння навукоўцы не бачаць аніякіх намёкаў на тое, што прадказаныя раней фантастамі скачкі ў прасторы і рух ці перадача інфармацыі на скорасці, вышэйшай за скорасць святла, магчымыя. 

Палёт да найбліжэйшай зоркі з улікам неабходнасці разгону і тармажэння зойме стагоддзі. Гэта азначае, што мы, як цывілізацыя, замкнутыя ў межах сваёй Сонечнай сістэмы, на сваёй планеце. 

Але і сваю планету мы можам страціць. Лю Цысінь дае даволі жудаснае тлумачэнне парадокса Фермі, чаму мы не бачым слядоў іншых цывілізацый — ідэю «цёмнага лесу», якая ўсё больш ахоплівае розумы людзей. 

Серыял «Задача трох целаў» — гэта толькі падводка да тых жахлівых выклікаў, з якімі чалавецтва мусіць сутыкнуцца ў наступных сезонах, якія дакладна будуць. Серыял не дасягае вяршыняў кніжнай першаасновы, але не губляе сутнаснай і ідэйнай асновы твора. «Задача трох целаў» — добрая і глыбокая фантастыка, якую варта чытаць і глядзець.

Чытайце таксама:

Беларускі артыст зняўся ў серыяле ад Netflix і стваральнікаў «Гульні тронаў»

«Дзюна: частка другая» — блакбастар, ідэальны да скрыгату ў зубах

Серыял «Рэжым»: Кейт Уінслет у ролі звар’яцелага дэспата

Новая экранізацыя «Майстра і Маргарыты» скарыла мінчан і прывяла ў шаленства прыхільнікаў вайны. Што ў ёй такога?

Ф. Раўбіч