У мінскім Купалаўскім нарэшце прэм’ера па беларускамоўным творы — першая з часоў Латушкі
У сталічным Купалаўскім паставілі п’есу паводле камедыі Уладзіслава Галубка «Пісаравы імяніны». Раней яна ўжо гучала са сцэны — у 1921 годзе ў пастаноўцы рэжысёра Фларыяна Ждановіча, аднаго з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра.
27.03.2024 / 15:36
Фота з прэм'еры: zviazda.by
Да гэтага ў тэатры ці аднаўляліся старыя спектаклі, але з новым складам акцёраў, ці ставіліся пастаноўкі паводле твораў замежных аўтараў — аповесць Барыса Васільева «А зоры тут ціхія», п’еса Аляксандра Астроўскага «Гарачае сэрца» і вечная шэкспіраўская класіка «Рамэа і Джульета».
Выключэнне тут хіба што казка «Гісторыя шакаладнага дрэва», якую паставілі ў снежні 2021 года па творы мазыраніна, кіраўніка народнага моладзевага тэатра «Легіён» Аляксандра Мазькова. Але ў арыгінале яго гісторыя пра двух эльфаў напісаная на рускай мове.
Прэм’еру рыхтавалі каля двух месяцаў. Узяцца менавіта за музычную камедыю захацела мастацкая кіраўніца Вольга Няфёдава. У выніку спыніліся на матэрыяле, які раней ужо ішоў на сцэне тэатра.
Замест Ждановіча ў сённяшніх рэаліях — рэжысёр Павел Марыніч. Раней ён ужо зрабіў для Купалаўскага «Казку аб мёртвай царэўне» па матывах твораў Пушкіна. Марыніч скончыў БДУКМ па спецыльнасці «Народная тэатральная творчасць», а таксама Магілёўскую вучэльню культуры па спецыяльнасці «Акцёрскае майстэрства». Актыўна працаваў у Палескім драматычным тэатры.
Павел Марыніч. Фота: vk.com
Каментуючы складанасць працы з творам, Марыніч адзначыў, што было нялёгка пагрузіцца ў гаворку персанажаў Галубка: «Вядома, мы не прызвычаіліся гаварыць на такой мове. Калі чыталі, узнікалі складанасці з разуменнем таго, пра што гаворыцца ў п'есе, але мы ўсё расшыфравалі. У нас быў педагог. Думаю, гэты моўны экзамен мы годна вытрымалі».
Але моўныя складанасці маглі быць звязаныя не толькі з тым, што камедыя пісалася ў мінулым стагоддзі і з таго часу лексіка змянілася, а з тым, што немалая частка акцёраў у спектаклі — расіяне. Барыс Цяцёркін з Тулы ў ролі Пісара. Ілья Галушкін з Саратава ў ролі Дзяка, Святлана Гусарава ў ролі Жонкі ды іншыя.
Чытайце таксама: