Не Захад, а Кітай уяўляе сабой сёння найбольшую пагрозу эканоміцы Расіі. І прычына тут — сонца і вецер
Кітайскія вытворцы дамінуюць на рынку сонечных батарэй. А цяпер і ў сферы ветравых турбін Кітай выйшаў на лідарскія пазіцыі. Паднябесная ў 2023-м нарасціла магутнасць сонечных электрастанцый на 60%. І гэта пачатак вялікага скачку, які радыкальна зменіць свет.
29.03.2024 / 21:52
Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Як піша Bloomberg, у мінулым годзе кітайскія вытворцы ветраных турбін дамінавалі на сусветным рынку паставак, скарыстаўшыся бумам устаноўкі аднаўляльных крыніц энергіі ўнутры краіны, у той час як спад у ЗША і кволы рост у Еўропе падарвалі замежных канкурэнтаў.
Паводле справаздачы BloombergNEF, апублікаванай на гэтым тыдні, чатырма з пяці найбуйнейшых вытворцаў ветравых турбін у 2023 годзе былі кітайскія кампаніі. Год таму ў пяцёрцы лідараў такіх было толькі дзве.
У мінулым годзе на долю Кітая прыйшлося каля дзвюх трацін усяго сусветнага прыросту магутнасцяў ветравых электрастанцый. Вядучымі сусветнымі пастаўшчыкамі турбін былі кітайскія кампаніі Goldwind і Envision.
Нягледзячы на рост продажаў за мяжой, кітайскія вытворцы па-ранейшаму 98% сваёй прадукцыі прадаюць на ўнутраным рынку. У той жа час колькасць новых ветраўстановак у ЗША ў 2023 годзе была на самым нізкім з 2017 года ўзроўні.
Рост рынку ветраэнергетыкі ў Кітаі ў мінулым годзе хавае трывожную тэндэнцыю: прырост новых кампаній у іншых рэгіёнах склаў усяго 8%.
Кітай валодае найбуйнейшым і найбольш канкурэнтным рынкам ветраэнергетыкі, на якім працуе больш за 12 айчынных вытворцаў. У мінулым годзе магутнасць ветраэнергетыкі ў Кітаі вырасла аж на 58%.
Хоць колькасць установак расце, мясцовыя ветраэнергетычныя кампаніі сутыкаюцца са зніжэннем прыбытку, бо ўзмацненне канкурэнцыі прыводзіць да зніжэння цэнаў. Па даных BloombergNEF, сярэднія цэны на наземныя турбіны ў Кітаі дасягнулі рэкордна нізкага ўзроўню ў другой палове мінулага года, і рэнтабельнасць вытворцаў, імаверна, застанецца пад пытаннем у 2024 годзе.
Адпаведна інфармацыі выдання South China Morning Post, кошт устаноўкі турбін знізіўся амаль на 45 %.
Жорсткая канкурэнцыя заахвоціла шматлікіх вытворцаў пашыраць сваю дзейнасць за мяжой. Паводле справаздачы BloombergNEF, кошт кітайскіх ветраных турбін, якія пастаўляюцца за межы краіны, прыкладна на пятую частку ніжэйшы, чым у іх амерыканскіх і еўрапейскіх канкурэнтаў.
Як піша Bloomberg, рост магутнасцяў ветраэнергетыкі з'яўляецца часткай больш шырокага буму «зялёнай энергетыкі» ў Кітаі. Так, краіна дадала за мінулы год амаль 217 гігават магутнасцяў сонечнай энергіі, што ў 2,5 разу болей, чым у 2022 годзе. І гэта больш, чым увесь астатні свет разам узяты. Для параўнання: магутнасць усяго парку сонечных батарэй ЗША складае сёння ўсяго каля 210 гігават.
Хоць многія іншыя краіны акурат таксама даволі актыўныя ў гэтым кірунку. Доля сонечнай энергіі ў агульнай вытворчасці ў Аўстраліі, Іспаніі, Чылі, Германіі, Нідэрландах, Грэцыі, В'етнаме вышэйшая, чым у Кітаі, яны ідуць наперадзе.
Як і ў выпадку з ветравымі турбінамі, Кітай з'яўляецца вытворцам самых танных сонечных модуляў у свеце.
Па ацэнках за снежань 2023 года ўдзельны кошт сонечнага модуля складаў 0,15 долара за кілават-гадзіну атрыманай энергіі, знізіўшыся на 42%. Гэта настолькі нізкі паказчык, што ніхто ў свеце не можа скласці канкурэнцыю кітайскім вытворцам.
Як піша Euronews, еўрапейская сонечная індустрыя папярэджвае, што яна сутыкаецца з «экзістэнцыяльнай пагрозай» і што, калі не прыняць меры ў найбліжэйшы час, яна можа абваліцца на працягу некалькіх месяцаў. Сонечны модуль, выраблены ў Кітаі, прыкладна на 50% таннейшы за еўрапейскі аналаг. Якасць, гавораць спецыялісты, тым не менш, параўнальная.
Выснова з усяго гэтага парадаксальная. Не Захад, а Кітай уяўляе сабой сёння найбольшую пагрозу эканоміцы Расіі, якая грунтуецца на даходах ад нафты і газу. Як толькі свет збольшага ажыццявіць пераход ад вуглевадародаў да сонечнай энергіі, Расія застанецца без цяперашняй асноўнай крыніцы сваіх даходаў, а перабудавацца будзе няпроста, асабліва ва ўмовах канфлікту з Захадам.
У той жа час для Кітая асваенне новых крыніц энергіі — гэта натуральная тэндэнцыя. У Кітая сваіх нафты і газу крайне мала, ён іх імпартуе. Напэўна, дасягненне Кітаем энерганезалежнасці ў будучыні можа зрабіць яго і больш агрэсіўным: цяпер ён усё ж не кантралюе марскіх шляхоў паставак, што моцна стрымлівае яго ў пытанні таго ж Тайваня.
Як бы ні было, рост сонечнай і ветраэнергетыкі непазбежна зменіць ранейшы расклад сілаў на планеце.
Чытайце яшчэ:
Кітай абвінавацілі ў маштабным узломе, «які закрануў мільёны людзей». Што вядома?
Кітай плануе пабудаваць гіганцкую электрамагнітную гармату для запуску астранаўтаў у космас
Кітайскія навукоўцы знайшлі спосаб, як сціснуць дата-цэнтр да памераў DVD-дыска