Зяленскі расказаў, як Украіна прыменіць дальнабойныя ракеты ATACMS
Украіна без дапамогі ЗША будзе адступаць «крок за крокам» і страціць «вялікія гарады», але калі б атрымала ракеты ATACMS большай далёкасці — змагла б біць па цэлях у Крыме, сказаў прэзідэнт Украіны.
30.03.2024 / 14:56
Здымак ілюстрацыйны. Фота: John Hamilton/U.S. Army via AP
Украіна плануе выкарыстоўваць дальнабойныя ракеты ATACMS для нанясення ўдараў па вайсковых аэрадромах і іншых цэлях у Крыме, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Washington Post.
Зяленскі растлумачыў, што калі расійская армія наносіць ракетныя ўдары па энергетычных і прамысловых цэлях, адказам на гэтыя дзеянні стануць ATACMS, піша РБК
«Калі Расія даведаецца, што мы можам знішчыць гэтыя самалёты, яны не будуць атакаваць з Крыма», — заявіў ён.
Журналіст спытаў у яго, ці сапраўды, як ходзяць чуткі, ракеты ўжо адправіліся з ЗША. Зяленскі засмяяўся і адзначыў, што не можа раскрываць гэтую інфармацыю, але пакуль іх ва Украіне няма.
Украіна праз прабуксоўку з законапраектам аб вайсковай дапамозе ў Кангрэсе ЗША «страціла паўгода», і цяпер Кіеў «спрабуе знайсці нейкі спосаб не адступаць», прызнаў Зяленскі.
Без амерыканскай падтрымкі УСУ ёсць праблемы ў СПА, ракет Patriot, пастаноўшчыкаў перашкод для радыёэлектроннай барацьбы і артылерыйскіх снарадаў калібрам 155 мм. «Гэта значыць, што мы будзем адыходзіць, адступаць, крок за крокам, маленькімі крокамі», — папярэдзіў палітык.
На ягоную думку, калі лінія фронту абрынецца, расійскія войскі змогуць зайсці ў «вялікія гарады».
Прэзідэнта Украіны таксама спыталі, ці не лічыць ён амерыканскага калегу Джо Байдэна залішне асцярожным у пытанні паставак зброі.
На гэта Зяленскі адказаў: «Я думаю, што ён асцярожна ставіцца да [рызыкі] ядзернай атакі з боку Расіі».
На ягоную думку, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін не стаў бы даводзіць сітуацыю да абмену ядзернымі ўдарамі.
Чытайце таксама:
Зяленскі: Украінскім войскам удалося стрымаць расійскі наступ
У ЗША сталі менш баяцца, што перадача ATACMS Украіне расцвяліць Пуціна