Журналістам загадалі спыніць крадзеж сувеніраў са службовага самалёта Байдэна
Праверка інвентара самалёта Джо Байдэна пасля візіту прэзідэнта ЗША на заходняе ўзбярэжжа краіны ў лютым выявіла, што ў аддзеле для прэсы адсутнічаюць некалькі прадметаў. Сярод прадметаў, якія нібыта зніклі з самалёта, — фірмовыя навалачкі, шклянкі і талеркі ў залатой аправе, піша Бі-бі-сі.
01.04.2024 / 17:32
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Alex Brandon
Асацыяцыя карэспандэнтаў Белага дома папярэдзіла, што браць рэчы з самалёта забаронена. У мінулым месяцы асацыяцыя накіравала электронны ліст журналістам, у якім паведаміла, што такія паводзіны дрэнна адбіваюцца на прэс-пуле — групе журналістаў, якія едуць з прэзідэнтам, — а таму павінны спыніцца.
Журналістам часам на памяць дораць невялікія ўпакоўкі цукерак M&Ms, упрыгожаныя прэзідэнцкай пячаткай. Але ў той жа час і браць прадметы з лагатыпам Air Force One — у тым ліку сталовыя прыборы і ручнікі — было звычайнай справай на працягу многіх гадоў, сцвярджаецца ў справаздачах.
Самалёт Air Force One («Борт нумар адзін»), які Белы дом называе «офісам прэзідэнта ў небе», мае плошчу ў 372 квадратных метраў, размешчаную на трох узроўнях. Гэтыя памяшканні ўключаюць у сябе вялікі люкс для прэзідэнта, медыцынскі пункт з аперацыйным сталом, канферэнц-залу і сталовую, два камбузы для гатавання ежы, якія могуць накарміць 100 чалавек адначасова, а таксама спецыяльныя зоны для прэсы, VIP-персон, аховы і сакратара.
Дзякуючы перадавой авіёніцы і абароне, самалёт класіфікуецца як вайсковы самалёт, прызначаны для супрацьстаяння паветранаму нападу. Ён таксама здольны запраўляцца ў паветры, што дазваляе яму лётаць неабмежаваны час — гэта вельмі важна ў надзвычайнай сітуацыі.
Air Force One таксама забяспечаны абсталяваннем бяспечнай сувязі, што дазваляе самалёту функцыянаваць у якасці мабільнага каманднага цэнтра. На борце маецца 85 тэлефонных апаратаў, камплекты радыёстанцый і камп'ютэрных злучэнняў.
Прэзідэнт падчас палёту сядзіць наперадзе, а журналісты размяшчаюцца ў задняй частцы самалёта.
Чытайце таксама:
Байдэн другі раз назваў Пуціна «мясніком» і заклікаў дапамагчы Украіне