У гісторыі з нерухомасцю сям'і Цапкалаў з'явіўся новы сюжэт

У Мінску суд Партызанскага раёна прызнаў нікчэмнай здзелку па адчужэнні жылога дома, гэтага дамагалася пракуратура. Прэтэнзіі ўзніклі да мінчука, які ў 2020 годзе перадаў жыллё лізінгавай кампаніі за 280 тысяч рублёў, але працягнуў у ім жыць, аформіўшы дамову арэнды. Пракуратура палічыла, што сума пагаднення моцна заніжаная, а мужчына пазбавіўся ад жылля, каб яго не адабрала дзяржава. Пра каго канкрэтна ідзе гаворка, не паведамляецца. Аднак з паведамлення пракуратуры можна зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, гісторыя пра дом сям'і Цапкалаў — Валерыя і Веранікі, заўважыла «Люстэрка».

02.04.2024 / 15:37

Валерый і Вераніка Цапкалы

«Грамадзянін, здзейсніўшы карупцыйныя злачынствы і маючы намер сысці ад адказнасці, у 2020 годзе здзейсніў адчужэнне названага жылога дома на карысць лізінгавай кампаніі на падставе дамовы куплі-продажу за 280 тыс. рублёў, у той час як рэальны кошт маёмасці складаў каля 3 млн рублёў. Пасля па дамове фінансавай арэнды, заключанай на 20 гадоў, гэты аб'ект нерухомасці быў дадзены лізінгавай кампаніяй адказчыку і членам яго сям'і ў карыстанне», — паведамляе пракуратура Мінска.

У пракуратуры палічылі, што мужчына гэтым самым спрабаваў схаваць нерухомасць ад канфіскацыі ў даход дзяржавы.

Таксама паведамляецца, што раней мінчука асудзілі па іншай справе «за атрыманне хабараў у асабліва буйным памеры, а таксама злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці».

«З абвінавачанага на карысць дзяржавы спагнаны даход, атрыманы злачынным шляхам, у суме звыш 2 млн рублёў, — сцвярджае пракуратура Мінска. — Адным з прадметаў хабару з'яўлялася аказанне выгод маёмаснага характару ў выглядзе выканання работ па будаўніцтве для адказчыка жылога дома ў Мінску».

І ў першым, і ў другім выпадках гаворка ідзе пра адзін і той жа дом. Па ўсёй бачнасці, пракуратура паведамляла пра дом сям'і Валерыя і Веранікі Цапкалаў. Раней стала вядома, што ў сакавіку 2020 года іх нерухомасць па дамове куплі-продажу перайшла ва ўласнасць лізінгавай кампаніі «Райфайзэн-лізінг».

7 красавіка 2023 года ў Мінску Валерыю Цапкалу абвясцілі завочны прысуд — 17 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адно з абвінавачванняў было ў тым, што Валерый Цапкала атрымліваў хабар яшчэ і за тое, што забяспечваў аплату выкананых будаўнічых работ: нібыта яму зрабілі праектна-вышукальныя работы для будаўніцтва яго прыватнага дома на суму больш за 25 тысяч рублёў, а таксама аплачвалі Валерыю, членам яго сям'і і блізкім сваякам адпачынак у Крыме.

У пачатку чэрвеня 2022 года дом Валерыя Цапкалы сілавікі паказальна разграмілі.

Чытайце таксама:

Кватэру Цапкалаў зноў выставілі на таргі, істотна скінуўшы цану

Мінскую кватэру Цапкалаў прадаваць не будуць

Вераніка Цапкала — пакупнікам яе канфіскаванай кватэры: «Мы вернемся і запатрабуем ад вас выплаты арэнды!»

На аўкцыён выставілі мінскую кватэру Валерыя Цапкалы

«Цапкала меў шанцы стаць значнай персонай у гісторыі Беларусі. Але жыве ў ідэалагемах рускага свету»

Nashaniva.com