Казахстан пяты год запар не будзе праводзіць парад Перамогі

Затое там салідныя выплаты ветэранам.

03.04.2024 / 14:48

Фота: absats.media

У 2024 годзе Казахстан зноў не будзе праводзіць ваенны парад у гонар Дня абаронцы Айчыны (у краіне адзначаецца 7 мая) і Дня Перамогі з-за эканоміі бюджэтных сродкаў, піша Tengrinews.kz

«Прыярытэтным з'яўляецца падтрыманне патрабаванага ўзроўню боегатоўнасці і мабільнасці падраздзяленняў Узброеных cіл Казахстана», — паведамілі выданню ў ваенным ведамстве краіны.

У 2023 і 2022 гадах Казахстан не праводзіў парад па аналагічных прычынах, а ў 2020-2021 гадах парад адмянялі з-за пандэміі каранавірусу.

Кіраўнік Мінабароны Руслан Жаксылыкаў у красавіку 2022 года распавядаў, што адзін парад абыходзіцца краіне больш чым у 4 млрд тэнге (амаль 9 мільёнаў даляраў).

Ён казаў, што для рэалізацыі мерапрыемства неабходна браць бюджэтныя сродкі, якія будуць накіраваныя на гаруча-змазачныя матэрыялы (ГЗМ), камандзіровачныя выдаткі, харчаванне салдат.

«І мы палічылі, што ў гэтай сітуацыі — мы толькі вучэнні скончылі — што было важней: правесці вучэнні і праверку нашай баявой гатоўнасці ці ж займацца парадам?» — тлумачыў кіраўнік ваеннага ведамства Казахстана. 

Затое у Казахстане самыя высокія выплаты ветэранам у СНД. Летась на кожнага ветэрана прыпадала па 1,5 мільёна тэнге (сёння гэта прыкладна 3350 даляраў).

У Беларусі інвалідам і ўдзельнікам вайны да 9 Мая выплацяць па 4000 рублёў, на сёння гэта 1230 даляраў.

Чытайце таксама:

Падсанкцыйную драўніну з Беларусі вязуць у Еўрасаюз нібыта як казахстанскую — расследаванне

Прэзідэнт Казахстана прапанаваў разгледзець пытанне змены герба краіны

Расія абвінаваціла Казахстан у пастаўках камплектуючых для ўкраінскіх ВПС

Nashaniva.com