«Пратасевічам я не буду». Спявачка Мэрыем у СІЗА дала інтэрв'ю Ксеніі Лебедзевай — але яго так і не паказалі
Спявачка Мэрыем Герасіменка ў новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» расказала, як на Валадарцы давала інтэрв'ю БТ. Але яго так і не паказалі ў эфіры.
06.04.2024 / 20:38
Мэрыем Герасіменка падчас інтэрв'ю. Скрын відэа: malina_by / YouTube
Па словах Мэрыем, у нейкі момант, калі яна знаходзілася ў СІЗА, ёй прапанавалаі «пасупрацоўнічаць» — запісаць інтэрв'ю для беларускага тэлебачання. Гэтую прапанову яна абмяркоўвала са сваім адвакатам:
«Мы не маглі на некаторыя тэмы размаўляць з адвакатам у кабінетах, бо там усюды праслухоўванне. Я пішу ёй на паперцы: «Калі мне трэба за сваю пазіцыю, погляды паехаць на калонію, я паеду. Наступным Пратасевічам я не буду! І на камеру гаварыць тое, што мне скажуць, я не буду».
Як згадвае спявачка, адвакат прапанавала пагадзіцца на інтэрв'ю, папярэдне ўзгадніўшы пытанні.
«Давай зачэпімся за гэтую магчымасць, каб ты апынулася дома. Таму што ты павінна быць дома. Ты не злачынца», — згадвае словы адваката Мэрыем і тлумачыць, што не было ніякіх умоваў абмену на інтэрв'ю.
«Мы як бы ідзём насустрач. … І магчыма, гэта нам дапаможа ў судзе. Быў канец снежня. Нам трэба было выходзіць на суд, бо нельга паўгода жаваць нейкую лухту (Мэрыем знаходзілася ў СІЗА ўжо паўгода — «НН»). Спадзяваліся, што гэта дапаможа. А магчыма і не».
Мэрыем не згадала сама імя журналісткі, якая запісвала з ёю інтэрв'ю: «Дзяўчына з БТ. Мы некалі бачылі яе праграму».
Мікіта Мелказёраў падказаў імя Ксеніі Лебедзевай. Спявачка адказала, што гэта была яна.
«Сядзела яна, быў аператар. Сядзелі з пракуратуры. Сядзеў мой адвакат. Усе пытанні і адказы ў мяне былі прапісаныя», — згадвае спявачка.
Але інтэрв'ю не выйшла ў эфір. Магчыма, лічыць Мэрыем, не спадабаўся яе адказ на пытанне: «Як Вы ставіцеся да апазіцыі ў Беларусі?»
«Я сказала, што ў кожнай дзяржаве, якая развіваецца, павінна быць канструктыўная апазіцыя. … Гэта вядзе грамадства да развіцця. Не можа быць аднаго погляду на рэчы, падзеі. У людзей павінна быць права выбару».
Мэрыем расказвае, што галоўным у інтэрв'ю было прызнаць сябе вінаватай па нейкім артыкуле. «Мне сказалі: «Прызнаеш, што была на маршы». І мы перапісвалі гэтае пытанне восем разоў. Таму што мяне там не было, а мне трэба было гэта прызнаць. Я не ўмею хлусіць на камеру. Я гавару — і разумею, што ніхто не верыць».
Спявачка адзначае, што адказвала на пытанні з улікам сваіх інтарэсаў: «Мы павінны не забывацца: калі ты апынаешся там, пачынаецца гульня. І ты павінен гэтую гульню весці да самага канца».
Па словах Мэрыем, праз два дні пасля запісу інтэрв'ю яе справу перадалі ў пракуратуру, яшчэ праз пяць дзён быў прызначаны суд, які працягнуўся два дні. Урэшце спявачка атрымала «хімію», выйшла на свабоду і з'ехала з Беларусі.
Чытайце яшчэ: