У брэсцкім СІЗА памёр абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі падпалкоўнік-дэсантнік
дапоўнена
Пра смерць падпалкоўніка запасу Аляксандра Кулініча паведамляе «Люстэрка».
10.04.2024 / 18:25
Аляксандр Кулініч. Фота: яго сацсеткі
Аляксандра Кулініча затрымалі 29 лютага ў Брэсце. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. З таго часу ён знаходзіўся ў СІЗА і чакаў суда, які павінен быў адбыцца 16 красавіка. Аднак за тыдзень да яго, 9 красавіка, мужчына памёр.
Як паведамляюць крыніцы, Аляксандр Кулініч памёр ад ішэмічнай хваробы сэрца. Прынамсі, гэтая прычына пазначаная ў заключэнні аб смерці.
У СІЗА № 7 Брэста сказалі, што зняволены з такім імем у іх знаходзіўся, але факт смерці пацвярджаць адмовіліся.
Кадры затрымання мужчыны праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі 1 сакавіка, піша «Вясна».
Таксама ў гэтым сюжэце паказалі каментары, за якія мужчыну прыйшлі затрымліваць з дзясятак сілавікоў у поўным абмундзіраванні.
Беларус пісаў пра акупацыю Беларусі Расіяй і выказваў падтрымку Украіне.
На сайце Вярхоўнага суда пазначана, што 16 красавіка яго павінны былі пачаць судзіць паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»).
Інфармацыя пра пачатак суда над Аляксандрам Кулінічам. Скрыншот сайта court.gov.by
Паводле інфармацыі «Люстэрка», Аляксандр Кулініч нарадзіўся ў Маладзечне 11 красавіка 1972 года (яму споўнілася б 52). Ён быў падпалкоўнік запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай брыгадзе ПДВ.
У апошні час быў зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дабаўкамі.
Па інфармацыі крыніц «Люстэрка», цела Аляксандра Кулініча ўжо выдалі сваякам. Яго пахаваюць 11 красавіка ў родным Маладзечне.
Грошы на надмагільны помнік памерламу за кратамі Ігару Ледніку сабралі за чатыры дні
«Пастаўце чарку на магіле мне». Сын памерлага палітвязня Ледніка пра апошнюю размову з бацькам