«Ператвараю смецце ў грошы»: дзяўчына купляе ў сэкандах вопратку за капейкі, а потым робіць з яе дызайнерскія ўборы
Беларуска Вера Косцік стварыла брэнд Verushka. Яна не проста шые рэчы з нуля, а займаецца апсайклінгам. Кажучы простай мовай, дорыць новае жыццё адзенню, якое ўжо насілі — перашывае, трансфармуе, мадыфікуе ці кастамізуе. Колькі на гэтым удаецца зарабляць?
16.04.2024 / 15:45
Фота з інстаграма дызайнеркі Веры Косцік
Назва для брэнда з'явілася невыпадкова. Вера так назвала ўласны праект, натхніўшыся вядомай у 1960-я нямецкай супермадэллю, якая выкарыстоўвала псеўданім Верушка.
— У мяне няма профільнай адукацыі швачкі, — паведаміла дызайнерка ў сваім тыктоку. — Я заўсёды марыла шыць. Але я ляўша і ў школе ў мяне не вельмі атрымлівалася шыць. Чамусьці здавалася, што гэта нязручна рабіць левай рукой. Хоць насамрэч, усё выдатна ўдаецца — ніякіх праблем праз гэта няма.
Зрабіць мару рэальнасцю Вера вырашыла ў той час, калі была ў дэкрэце. Набыла спачатку бытавую, а потым ужо і прамысловую швейную машынку. Кожны дзень трэніравалася, нешта шыла і нарэшце вырашыла зрабіць з хобі асноўную працу.
— Люблю маляваць, але ніколі гэтаму не вучылася. Толькі ва ўніверсітэце, калі вучылася на графічнага дызайнера, у нас быў курс, але самы просты малюнак. Мы малявалі нейкія рэчы — карацей, нічога складанага. Цяпер я малюю для свайго брэнду, тое, што мне па сілах. Дазваляю сабе быць неідэальнай.
Матэрыялы для творчасці Вера шукае ў сэкандах. Яна часта прыходзіць туды ў дні, калі ўсё спрадаюць па 2 рублі — і потым робіць агляды набыткаў у тыктоку, расказвае, што будзе рабіць.
Дызайнерка адзначае, што для яе ёсць два галоўныя плюсы апсайклінгу. Па-першае, гэта экалагічна. Па-другое, магчыма зрабіць унікальную вопратку.
Замовы прыходзяць не толькі ад беларусаў, але і ад замежнікаў. Напрыклад, дзяўчына з Сербіі даслала ёй пасылку з дзвюма кашулямі і папрасіла іх паменшыць і кастамізаваць — напрыклад, зрабіць з дзвюх адну.
— Часам робіш нейкі заказ і нават не ведаеш, для каго, — расказала ў адным з відэа дызайнерка. — Так было з гэтымі парнымі курткамі. Да мяне звярнулася жанчына з просьбай зрабіць дзве парныя курткі для падлеткаў. Адзіная ўмова была — махры на рукавах ды каляровая гама. Таксама былі пажаданні па тэксце. Але ў цэлым нічога незвычайнага. А потым я гартаю інстаграм і бачу рылз з «Песні года Беларусі».
Сапраўды, дызайнерскія курткі можна было пабачыць на маладых артыстах Леры Бернатовіч і Арцёме Скаролю — яны выконвалі песню «Назаўжды», якую напісала Ганна Сялук (творчы псеўданім Ганны Сяргееўны Лукашэнка, нявесткі Аляксандра Лукашэнкі).
А найбольш папулярнай сваёй працай дызайнерка лічыць жакет са мноствам рознакаляровых бірулек-дыназаўраў.
— У 2021 годзе я рабіла адзін са сваіх першых паказаў апсайкл-калекцыі ў Купалаўскім тэатры. Я там паказвала свае рэчы, у асноўным, апсайкл-пінжакі. І, каб прыцягнуць увагу гледачоў, я дадала жакет з дыназаўрамі. З таго часу ён самы прадаваны ў маім брэндзе. Я прадала яго незлічоную колькасць разоў. Мабыць, у сем краін свету — калі не больш. І да гэтага часу я яго прадаю. Кожны раз думаю, што спыню вытворчасць гэтай мадэлі, але яе так часта просяць, яна так падабаецца многім, што я працягваю.
Аднойчы, напрыклад, Вера сшыла з вінтажных джынсаў, якія працерліся, вельмі нестандартныя шорты, дадаўшы розных трыкатажных элементаў.
— Шорты адразу ж набылі, бо дзяўчына разумела, колькі такія рэчы каштуюць звычайна. Я паставіла кошт 40 рублёў — а аналагічныя ў свеце прадаюць за 500 долараў.
У выніку дзяўчына засталася вельмі задаволеная, а дызайнерцы было крыху сумна.
Але Вера шчыра прызнаецца, што не на кожнай замове ёй удаецца прыстойна зарабіць.
— Калі ўвесь дзень працуеш і разумееш, што не заробіш суму, суразмерную выдаткаваным намаганням, — гэта цяжка, прыходзіць выгаранне. З другога боку, я разумею, што не кожны чалавек гатовы аддаць суму вышэйшую за 100 рублёў за рэч невядомага брэнда. І я стараюся рабіць такія рэчы, якія маглі б прывучыць чалавека насіць апсайклінг. Каб ён пабачыў, што ўсё пашыта добра, што нічога не развальваецца, не адклейваецца. Гэта такі прадукт-трыпваер, які можа прывесці да больш дарагога набытку. Часцей за ўсё так і здараецца. Ужо на больш дарагім прадукце мне ўдаецца нармальна зарабіць.
А выдаткі ў майстрыхі сапраўды бываюць вялікія. Расказваючы пра сваю найбольш дарагую кастамізацыю жакета, яна паказала невялікі пакуначак пацерак, які каштаваў 115 рублёў. За гэтую замову кліентка Веры заплаціла ёй 200 рублёў — але дызайнерка ўдакладніла, што зрабіла зніжку для сталай пакупніцы, якая звычайна купляе некалькі рэчаў.
Найбольш складаная рэч, якую зрабіла Вера — пінжак па матывах твора «Майстар ды Маргарыта», таму што кожны патч трэба маляваць асобна. На яго стварэнне патрабуецца мінімум тыдзень. А самая хуткая рэч у асартыменце — жакет з клеявымі стразамі, які рэальна зрабіць за гадзіну.
Трэба адзначыць, што не ўсім карыстальнікам тыктоку падабаецца апсайклінг. Час ад часу нехта ў каментарыях цікавіцца, куды ж можна апранаць такія рэчы і выказвае меркаванне, што, мабыць, усе пераробкі вісяць у шафе. Але ў Веры для хэйтараў гатовы адказ:
— Большая частка рэчаў, якія я паказваю ў профілі, зробленыя на замовы. Мая праца не танная. За адзін працоўны дзень я бяру ад 100 рублёў і болей (залежыць ад кошту матэрыялаў). Як вы думаеце, навошта чалавеку плаціць за апсайкл-выраб такія грошы і не насіць яго, а вешаць у шафу?
Беларуска прывезла на тыдзень моды ў Парыжы льняныя вясельныя сукенкі ФОТЫ
Альфа Банк паказаў калекцыю адзення ў японскім стылі
Нятанная сукенка беларускага брэнду сапсавалася пасля першага мыцця
Што за беларуская дызайнерка Таша Кацуба, пра якую напісаў польскі Vogue