«Баер» з Леверкузэна ўпершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам Германіі па футболе

У матчы 29-га тура нямецкай Бундэслігі клуб разграміў на сваім полі брэменскі «Вердэр» з лікам 5:0 і за пяць тураў да фінішу стаў пераможцам турніру.

14.04.2024 / 20:23

«Баер» упершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам Германіі па футболе. Фота: Martin Meissner / AP 

Галы забілі нігерыец Віктар Баніфэйс, швейцарскі футбаліст косаўскага паходжання Граніт Джака, што прыйшлі ў клуб мінулым летам. А потым хет-трык аформіў 20-гадовы ўнікум, гулец нямецкай зборнай Флорыян Вірц. Пасля пятага гола фанаты выбеглі на поле на 89-й хвіліне, і матч скончыўся датэрмінова.

Soccerstand.com

Да гэтага мюнхенская «Баварыя» 11 разоў запар станавілася чэмпіёнам краіны, але — іронія лёсу — з прыходам, відаць, нефартовага форварда Гары Кейна яе вяршэнства скончылася.

«Баер» ніколі ў сваёй гісторыі не станавіўся чэмпіёнам Германіі, пяць разоў заваяваўшы срэбра, за што атрымаў мянушку «Неверкузэн» (г.зн. ніколі не выйграваў). Праўда, аднойчы клуб выйграў Кубак Германіі і аднойчы Кубак тады яшчэ УЕФА.

Але цяпер у каманды іншая мянушка — «Неверлузэн». «Баер» са жніўня наогул нікому не прайграваў: ні ў чэмпіянаце Германіі, ні ў Кубку краіны, ні ў Лізе Еўропы — 43 гульні (38 перамог, 5 нічыіх).

Хабі Алонса. Фота: Martin Meissner / AP 

Але галоўны творца перамогі «Баера» — галоўны трэнер, баск Хабі Алонса, колісь зорка «Ліверпуля», «Рэала» і «Баварыі».

Алонса быў трэнерам юнакоў у мадрыдскім «Рэале», трэніраваў другую каманду «Рэала Сасьедада», у кастрычніку 2022 года яго прызначылі галоўным трэнерам «Баера».

Каманда тады займала перадапошняе месца ў чэмпіянаце Германіі. У першы сезон Алонса зацягнуў «Баер» на шостае месца ў чэмпіянаце і ў Лігу Еўропы, а сёння зрабіў чэмпіёнам Германіі. 

Прычым Хабі Алонса адмовіўся ў наступным сезоне пераходзіць у «Баварыю» ці «Ліверпуль», сказаўўшы, што застанецца ў «Баеры».

Казка, якую сёння скончыў пісаць «Баер», параўнальная з чэмпіёнскім сезонам «Лестэра» ў чэмпіянаце Англіі 2015-2016.

«Тыя, хто купляе газ, дапамагаюць Расіі?» Прэзідэнт УЕФА патлумачыў, чаму не адхіліў зборную Беларусі

Скандал у турэцкім футболе: «Фенербахчэ» сарваў Суперкубак, пакінуўшы поле праз 50 секунд пасля пачатку гульні

Гулец «Арсенала»: Калі мяне мабілізуюць, я паеду ваяваць за Украіну

Nashaniva.com