У Польшчы знайшлі паўмільёна пачкаў беларускіх кантрабандных цыгарэтаў. Іх перавозіў літовец
У Падляскім ваяводстве службоўцы спынілі грузавік, які, паводле дакументаў, мусіў перавозіць пластыкавыя вырабы. У фуры знайшлі 520 тысячаў пачак беларускіх цыгарэтаў. Кіроўцу, грамадзяніна Літвы, затрымалі, піша «Белсат».
16.04.2024 / 15:08
Кантрабандныя беларускія цыгарэты, знойдзеныя ў грузавіку ў Падляскім ваяводстве Польшчы
Груз цяжкавіка спраўдзілі ў вёсцы Будзіска. 52-гадовы кіроўца, грамадзянін Літвы, паказаў дакументы, згодна з якімі ён перавозіў пластыкавыя вырабы. Падчас дэталёвага правярання высветлілася, што насамрэч у фуры было 520 тысячаў беларускіх цыгарэтаў.
«Калі б гэтыя цыгарэты трапілі на нелегальны рынак, дзяржаўны бюджэт страціў бы амаль 14 млн злотых», — паведамляе Польская падатковая служба.
У эквіваленце гэта $ 3,5 млн.
Супраць кіроўцы распачатая справа, яго затрымалі. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.
У паведамленні адзначаецца, што знайсці кантрабанду дапамог службовы сабака.
Польскія мытнікі рэгулярна выяўляюць беларускія цыгарэты. Напрыклад, у лютым афіцэры знайшлі 241 тысячу пачкаў у таварным цягніку. А ў сакавіку перахапілі кантрабанду цыгарэтаў з Беларусі, якую адправілі паветраным шарам.