У маі могуць закрыць яшчэ адзін пункт пропуску на мяжы Беларусі і Літвы
Такім чынам на беларуска-літоўскай мяжы застанецца толькі адзін пункт пропуску. Год таму было шэсць.
17.04.2024 / 08:12
Пункт пропуску «Беняконі» (з літоўскага боку «Шальчынінкай»). Фота: logist.today
Пункт пропуску «Шальчынінкай» («Салечнікі», з беларускага боку «Беняконі») на мяжы Літвы і Беларусі могуць закрыць у пачатку мая. Пра гэта піша «Коммерсант» са спасылкай на дырэктара па міжнародных транспартных аперацыях FM Logistic ў Расіі Яраслава Белавусава.
Спецыяліст удакладняе, што цяпер тэрмін чакання для грузавікоў у чарзе на мяжы з Літвой на памежных пераходах «Каменны Лог»/«Мядзінінкай» («Меднікі») і «Беняконі»/«Шальчынінкай» на ўезд у Беларусь складае 5-6 дзён, на выезд — каля 20 дзён.
У чарзе на пункце пропуску беларуска-польскай мяжы «Казловічы»/«Кукурыкі» на ўезд у Беларусь фуры стаяць 14—17 дзён, на выезд — 1—2 дні.
Праз такія затрымкі на мяжы з ЕС стаўкі фрахту ў міжнародных аўтаперавозках выраслі ўдвая, паведамляе кіраўнік кірунку міжнародных аўтаперавозак Noytech Supply Chain Solutions Іван Захарчанка.
У жніўні 2023 года літоўцы закрылі пункты пропуску «Шумск» («Шумскас», з беларускага боку «Лоша») і «Цверач» (Цвярачус, з беларускага боку «Відзы»),
У сакавіку былі закрытыя «Райгарад» («Райгардас», з беларускага боку «Прывалка»), і «Лаварышкі» («Лаварышкес», з беларускага боку «Катлоўка»).
Такім чынам на беларуска-літоўскай мяжы застанецца адзін пункт пропуску: «Мядзінінкай» («Меднікі», з беларускага боку «Каменны Лог»).
На латвійскай мяжы дзейнічае адзін пункт пропуску, з польскай адзін пункт для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў, а таксама адзін пункт пропуску для грузавога транспарту.
Чарга з легкавушак на выезд з Літвы ў Беларусь расцягнулася на тры кіламетры
У Польшчы за выхадныя зафіксавалі 669 спробаў прарыву з Беларусі мігрантаў