52-гадовы Ярамір Ягр забіў гол у чэмпіянаце Чэхіі і паставіў сусветны рэкорд

Гэта сёмы сезон для Яраміра пасля вяртання з НХЛ.

19.04.2024 / 15:22

Ярамір Ягр. Фота: Instagram/rytirikladno

52-гадовы форвард «Кладна» Ярамір Ягр выйшаў на лёд у сустрэчы плэй-оф за права застацца ў чэшскай Экстралізе з ХК «Всецін». На 2-й хвіліне першага перыяду Ягр адкрыў лік у матчы, закінуўшы сваю першую шайбу ў гэтым сезоне.

У другім перыядзе чэшскі форвард адзначыўся выніковай перадачай. Сустрэча завяршылася перамогай «Кладна» з лікам 7:2.

Як паведамляе журналіст Здэнек Янда на сваёй старонцы ў Х, Ягр стаў самым узроставым дзейным хакеістам, які згуляў у прафесійнай лізе. Яраміру 52 гады і 63 дні. Ён палепшыў вынік Гордзі Хоу, які ва ўзросце 52 гадоў і 11 дзён гуляў у НХЛ.

У рэгулярным сезоне-2023/2024 за «Кладна» Ягр згуляў 15 матчаў, у якіх аддаў чатыры выніковыя перадачы. Гэта сёмы сезон для Яраміра пасля вяртання з НХЛ. Ягр пачаў выступаць за «Кладна» з сярэдзіны сезона-2017/2018.

Легендарны форвард браў удзел у 1733 матчах рэгулярнага чэмпіянату НХЛ і набраў 1921 (766+1155) бал.

Ягр двойчы заваёўваў Кубак Стэнлі ў складзе «Пітсбург Пінгвінз» (1991, 1992).

Са зборнай Чэхіі ён станавіўся алімпійскім чэмпіёнам (1998) і двойчы — чэмпіёнам свету (2005, 2010).

Доўгі час хакеіст выступаў пад нумарам 68 у памяць пра савецкую акупацыю Чэхаславакіі ў 1968 годзе.

Ягор Шаранговіч пабіў беларускі рэкорд у НХЛ

Прах хакеіста Канстанціна Кальцова прывезлі ў Беларусь

Яшчэ адзін беларус адправіўся за акіян скараць НХЛ

Nashaniva.com