Асуджаных не прывязуць, будуць вырашаць лёс рэчавых доказаў. Што вядома пра новы суд у справе Ціханоўскага
У Гомельскім абласным судзе 25 красавіка адбудзецца пасяджэнне. Слуханні правядзе суддзя Мікалай Доля, піша Радыё Свабода.
25.04.2024 / 09:36
У фармулёўцы анонса суда гаворыцца пра «іншыя пытанні, звязаныя з прывядзеннем прысуду, выраку, пастановы ў выкананне». Працэс пройдзе ў межах артыкула 402 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Як стала вядома Свабодзе, у першым прысудзе ў «справе Ціханоўскага» пералік рэчавых доказаў заняў некалькі дзясяткаў старонак. Там былі мабільныя тэлефоны асуджаных, камп'ютары, аўтамабілі і іншая маёмасць.
«Відаць, нешта ўпусцілі ці суд вырашыў больш не захоўваць рэчавыя доказы, знішчыць іх. Таму праводзяць пасяджэнне», — лічыць крыніца Свабоды i юрыдычных колаў.
Юрыст таксама патлумачыў, што ёсць рэчавыя доказы, якія застаюцца пры справе назаўжды. Гэта дыскі з пратаколамі апытанняў, аператыўна-пошукавымі мерапрыемствамі, пратаколы аглядаў і так далей. А ёсць такія, якія не маюць асаблівай каштоўнасці — гэта значкі, сцягі, улёткі, літаратура, мегафоны і так далей.
«Гэта ідзе на знішчэнне, звычайна такое рашэнне прапісваюць у прысудзе. Доказы знішчаюцца, калі прысуд набывае моц. Грошы і матэрыяльныя каштоўнасці ідуць у казну, на карысць дзяржаве. Наркотыкі, зброя, фальшывыя грошы таксама знішчаюцца. Тут хутчэй пытанне пра тыя рэчавыя доказы, якія не маюць прамога дачынення да прысуду. Таму і будзе разгляд», — патлумачыў юрыст.
Як паведамілі Свабодзе крыніцы, блізкія да сітуацыі, фігурантаў справы на пасяджэнне прывозіць не плануюць.
У анонсе працэсу, заяўленага на 25 красавіка, значацца палітвязні Ігар Лосік, Дзмітры Папоў, Арцём Сакаў, Мікола Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Уладзімір Цыгановіч, якія былі асуджаныя на закрытым працэсе ў будынку СІЗА-3 у Гомелі 14 снежня 2021 года.
Сяргея Ціханоўскага тады асудзілі на 18 гадоў калоніі, Міколу Статкевіча — на 14 гадоў, Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча — на 15 гадоў, Дзмітрыя Папова і Арцёма Сакава — на 16 гадоў.
25 красавіка будуць новыя судовыя слуханні па «справе Ціханоўскага»
Асуджанага на 13 гадоў Паўла Белавуса будуць зноў судзіць
«Я больш не хачу займацца палітыкай». Па інтэрнэце гуляе фэйкавы зварот Ціханоўскага