Стала вядома, у чым вінавацяць дыджэя з Кобрына з украінскім пашпартам. Ён знік больш за год таму
Хлопцу пагражае да сямі гадоў калоніі.
26.04.2024 / 09:46
Арцём Макавей, грамадзянін Украіны, якога будуць судзіць за шпіянаж. Фота «Радыё Свабода» з архіва маці Арцёма
Арцёму Макавею нядаўна споўнілася 25 гадоў. Ён родам з пасёлка Падгародная Мікалаеўскай вобласці Украіны.
У 2009-м, калі хлопцу было 10 гадоў, у сям'і здарылася бяда — бацька Арцёма памёр, а маці атрымала пералом хрыбетніка і доўга праходзіла рэабілітацыю.
Каб было каму глядзець за Арцёмам, яго паслалі да бабулі ў Кобрынскі раён.
У выніку хлопец асеў у Беларусі. Тут ён скончыў Брэсцкі політэхнічны каледж. Макавей час ад часу прыязджаў ва Украіну — напрыклад, атрымліваў там пасведчанне кіроўцы, але стала жыў у Кобрыне. Хлопец працаваў дыджэем у розных забаўляльных установах горада.
Арцём Макавей, грамадзянін Украіны, якога будуць судзіць за шпіянаж. Фота з ягонай старонкі ў фэйсбуку
Цяпер імя Арцёма Макавея з'явілася ў раскладзе судоў. Працэс над хлопцам пачнецца 29 красавіка ў Брэсцкім гарадскім судзе. Вінавацяць яго па артыкуле 358-1 Крымінальнага кодэкса — агентурная дзейнасць.
Макавею пагражае ад трох да сямі гадоў калоніі.
Месца ўтрымання хлопца напэўна невядомае. Імаверна, гэта СІЗА Брэста.