Кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта: Спадзяёмся, жалезная заслона не апусціцца
Кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэта спыталі наконт верагоднасці «жалезнай заслоны» з суседнімі краінамі. Канстанцін Моластаў на тэлеканале СТБ выказаў надзею, што суседнія краіны не закрыюць апошнія пераходы з Беларуссю.
29.04.2024 / 10:47
«Дакладнай інфармацыі аб устанаўленні «жалезнай заслоны« з боку нашых суседзяў у нас няма. Вядома ж, калі ў іх яшчэ захоўваецца паняцце аб міждзяржаўным узаемадзеянні, гэта заслона не апусціцца, бо пункты пропуску прызначаны ў першую чаргу для зносін паміж людзьмі, для эканамічных узаемасувязяў, культурных і гэтак далей. Таму я спадзяюся, што з боку суседніх дзяржаваў гэтага не адбудзецца», — заявіў ён.
Моластаў падкрэсліў, што «мы — адкрытая краіна», а памежнікі заўсёды гатовыя забяспечыць працу пунктаў пропуску.
Таксама ён пракаментаваў чэргі на мяжы. Асноўнымі прычынамі чэргаў ён назваў закрыццё аўтамабільных пунктаў пропуску і «нерытмічную працу памежнікаў і мытных службаў» сумежных краін.
«Даходзіць да таго, у апошнія суткі ў адным з пунктаў пропуску, дапусцім, ад нормы, якая была дасягнутая ў выніку дамоўленасцяў, сумежны бок прыняў толькі 20% аўтамабіляў. Вось вам і прычына чэргаў, якія ўзнікаюць», — заявіў кіраўнік ДПК. Ён сказаў, што беларускія памежнікі заклікаюць замежных калегаў «да нармальнай працы».
Расіянін знайшоў чужы пашпарт і паспрабаваў па ім вылецець з Мінска ў Ерэван. А раптам пашанцуе?
Польскі бізнэс патрабуе адкрыць памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю або кампенсаваць яму страты