Расіяне ламануліся на майскія ў Беларусь. Цэны на арэнду кватэр паляцелі ў космас

Вясной расіяне двойчы адпачываюць па чатыры дні. Першы раз — з 28 красавіка па 1 мая, а потым — з 9 па 12 мая. Многія з іх вырашылі правесці выходныя ў Беларусі.

30.04.2024 / 17:37

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Брэст: вольных кватэр амаль не засталося

Сярод буйных гарадоў найбольшым попытам сярод турыстаў карыстаюцца Мінск, Гродна і Брэст.

Паглядзім Брэст, куды расіяне на 9 мая традыцыйна едуць наведваць Брэсцкую крэпасць. Калі на канец мая на сайце Kufar, які замяніў беларусам Booking, тут знаходзіцца больш за 220 прапаноў кватэр на суткі, то вольных кватэр на майскія святы засталося ўсяго 9.

Шалёны попыт адбіваецца на цэнах. Так, напрыклад, 1-пакаёўка з добрым рамонтам блізу цэнтра здаецца за 755 рублёў (каля 230 даляраў) за дзве ночы з 8 па 10 мая. На наступныя выхадныя гэтую кватэру можна арандаваць за 400 рублёў (каля $125) за 2 ночы.

Ёсць і больш дарагія прапановы. Двухпакаёўку ў цэнтры Брэста за дзве ночы з 8 па 10 мая здаюць за 900 рублёў (каля $280). У кватэры могуць пражываць максімум чатыры дарослыя. 

Фота: скрыншот з сайта Kufar.by

Аднапакаёўку ў цэнтры Брэста, якую на майскія здаюць за 600 рублёў (каля $185) за дзве ночы, у звычайныя выходныя можна арандаваць за 340 рублёў (каля $105), а ў будныя дні — па 300 рублёў (каля $90) за дзве ночы.

Гродна: ад 120 даляраў за дзве ночы

Наплыў турыстаў з Расіі таксама адчуваецца ў Гродне. Калі на канец мая вольнымі да засялення застаюцца больш за 230 кватэр, размешчаных на Куфары, то на 9-е вольныя толькі два дзясяткі.

Кватэру на дзве ночы з 8 па 10 мая ў Гродне можна арандаваць па цэнах ад 380 рублёў (каля $120). З апартаментамі ў цэнтры горада складаней. Двухпакаёвая кватэра са сціплым рамонтам у самым цэнтры Гродна здаецца за 500 рублёў (каля $150) за 2 ночы. У звычайны перыяд спыніцца ў ёй на двое выхадных каштуе 300 рублёў (каля $90).

Фота: скрыншот з сайта Kufar.by

Некаторыя гатовыя здаваць жытло толькі мінімум на 3—5 начэй — так, з 8 па 13 мая кватэру з добрым рамонтам непадалёк ад цэнтру здаюць за 1000 рублёў (каля $300). У несвяточны перыяд тую саму кватэру можна арандаваць на 5 начэй за 520 рублёў (каля $160).

Чалавек, які займаецца здачай кватэр у Гродне, кажа, што наплыў турыстаў з Расіі адчуваецца з мінулых выходных, таму цэны на пасуткавую арэнду жытла ўжо пайшлі ўгору. Па выхадных у цёплы сезон цэны на арэнду кватэр у горадзе растуць штогод, але менавіта на майскія святы можна максімальна «задраць» цэны. 

«У такія дні добрую кватэру ў цэнтры можна лёгка здаваць па 100 даляраў за суткі», — кажа суразмоўца.

Мінск: кватэры здаюць мінімум на 3—5 начэй

У Мінску большасць кватэр на 9 мая таксама ўжо занятыя. Калі на канец мая можна выбіраць з амаль тысячы прапаноў на Куфары, то на 8—13 мая вольнымі застаюцца каля 150. Многія арэндадаўцы гатовыя здаваць іх мінімум на 3—5 начэй.

Так, напрыклад, трохпакаёўку на Нямізе здаюць мінімум з 8 па 12 мая. Калі ў кватэру заедуць толькі два чалавекі, то давядзецца выкласці 2280 рублёў (каля $700), а калі гасцей будзе шэсць, то 2600 рублёў (каля $800).

Двухпакаёўку ў Верхнім горадзе на 8—10 мая здаюць за 1020 рублёў (каля $310), у звычайныя выхадныя ў гэтай жа кватэры можна пасяліцца за 600 рублёў (каля $180) за дзве ночы. 

Фота: скрыншот з сайта Kufar.by

Аднапакаёўкі са сціплым рамонтам не надта далёка ад цэнтру на святы здаюць па цэнах ад 350—400 рублёў (каля $110-125) за дзве ночы. 

Даніла Луцкевіч