Музыка Аракелян знайшоў у злітым спісе лістоў у КДБ данос на сябе. Ён належыць вядомай асобе

Джазавы музыкант Павел Аракелян, які з 2022 года жыве ў эміграцыі, адшукаў у апублікаванай «Кіберпартызанамі» базе з 40 тысяч зваротаў, дасланых на сайт КДБ, данос на самога сябе. Гэты данос належыць вядомаму ў Беларусі арганізатару джазавых мерапрыемстваў, піша Аракелян у фэйсбуку.

30.04.2024 / 16:54

Павел Аракелян. Фота: фэйсбук

«Як вы ведаеце, нядаўна ў сеціве была апублічаная база даносчыкаў, якія пісалі ў КДБ. Дык вось, я таксама хачу апублічыць аднога з такіх людзей — арганізатара джазавых імпрэз Яўгена Уладзімірава. Шмат хто ведае яго як несумленнага чалавека, але працягваюць хадзіць на яго канцэрты, ды і шмат калегаў працягваюць граць з ім. Наведваць далей імпрэзы «Джаз-Саўнд Клаб», супрацоўнічаць з Уладзіміравым асабіста — вашая справа. А я прыводжу тэкст ягонай скаргі ніжэй, як было спампавана з базы КДБ», — піша Аракелян.

Змест даносу Яўгена Уладзімірава, які датуецца 18 кастрычніка 2020 года, наступны:

«Прашу тэрмінова прыняць законныя меры. Гр-н Аракелян Павел мэтанакіравана заклікае 26 кастрычніка да агульнанацыянальнай забастоўкі, асабіста дапаўняючы злачынны план КР і Ціханоўскай. Я даўно сачу за гэтым ілжэдзеячам культуры, так званым джазавым саксафаністам. Незразумела, як Белдзяржфілармонія магла арганізаваць на дзяржаўнай сцэне канцэрты Аракеляна?! Падрыўная правакацыйная дзейнасць Аракеляна ў сацсетках і штовечаровыя выступленні ў гарадскіх дварах з мэтай дыскрэдытацыі ўлады і рэжыму злачынныя!»

«Мой пост — гэта больш папярэджанне калегам, якія засталіся ў Беларусі», — піша Аракелян у каментарах да допісу.

Кандыдата ў Каардынацыйную раду ад «Народнай Грамады» выкінулі са спісу, бо ён даносчык. Стукаў на Аўтуховіча

«Усіх я ў рот **аў, і мараль вашу таксама». Расіяне расказалі, навошта пісалі даносы ў беларускі КДБ

У 2020-м муж схлусіў КДБ, што жонка ўдзельнічае ў мітынгах, таму што «сям'я развальвалася» 

«Я не даносіў, мы ж сябруем». Як апраўдваюцца выкрытыя стукачы

Nashaniva.com